Як Уладзімір Някляеў адрэагаваў на тое, што кнігу яго выбраных твораў прызналі экстрэмісцкай?

Фота з адкрытых крыніц.

Вядомага пісьменніка з гэтай нагоды проста засыпалі пытаннямі.

“Пасля таго як кніга маіх выбраных твораў была прызнаная „экстрэмісцкімі матэрыяламі”, у мой прыват у Фэйсбук накідалася шмат пытанняў. Пытаюць, “што канкрэтна знайшлі ў кнізе экстрэмісцкае”, „чаму для гэтага выбралі менавіта вашу кнігу выбранага” і г.д., — гаворыць Някляеў. — Найважнае сярод усіх – пытанне настаўніцы з радзімы Уладзіміра Караткевіча: „Калі разам з вашымі творамі назвалі экстрэмісцкімі вершы Наталлі Арсеньевай, Ларысы Генюш і нават 200 гадоў таму напісаныя вершы Дуніна-Марцінкевіча, дык што далей? Што будзе з Багушэвічам, Купалам, Коласам, Багдановічам, Караткевічам, Быкавым – з усёй беларускай літаратурай?”

Будзе тое (яно ўжо ёсць), што некалі было, і пра што напісана ў рамане „Гэй Бэн Гіном”, пра які ў мяне пыталіся: навошта я ўзяўся за гістарычны твор, калі столькі наўкол сучасных сюжэтаў?

Дык вось сюжэт гэтага рамана з цкаваннем, пераследам і ўрэшце забойствам нацыянльнага генія Янкі Купалы, вынішчэннем беларускага слова як генетычнага кода нацыі і ёсць самым сучасным сюжэтам. Хоць пачаўся ён не ад сёння і не ад Купалы, і нават не ад Дуніна-Марцінкевіча – сучаснаму гэтаму сюжэту ўжо 300 гадоў.

І што з яго вынікае? Толькі адно.

Якія б хвалі вынішчэння мовы, культуры, гістарычнай памяці народа ні ўздымаліся ў мінулых стагоддзях, яны разбіваліся аб таямнічую, невытлумачальную (рамантычна выпісаную Караткевічам) векавечную моц беларушчыны, якая ў нашай зямлі і ў нашай вадзе. Гэтак будзе і цяпер. Слова беларускае ўсё ператрывае і ўсіх сваіх ненавіснікаў перажыве”.

ИсточникНВ-онлайн