Старшыня пакуль яшчэ зарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў адгукнуўся на нядаўняе інтэрв’ю бізнесмена і палітыка Сяргея Чэрачня, якое той днямі надрукаваў у сваім тэлеграм-канале.
Чэрачань, нагадаем, гаварыў пра тое, што ў Палаце прадстаўнікоў павінна быць альтэрнатыва і што без Лукашэнкі Беларусі можа быць цяжка.
“У гэтым інтэрв’ю пасылаецца мэсэдж не грамадзянам, а ўладзе, — выказвае сваё меркаванне палітык Ігар Барысаў, які цяпер жыве ў Бельгіі, але пільна адсочвае беларускія падзеі. – Гэта свайго кшталту запыт на магчымасць быць спарынг-партнёрам у 2025 годзе на прэзідэнцкіх выбарах. Намацванне рэакцыі ўлады і жаданне патрапіць у Палату предстаўнікоў у якасці палітычнай альтарнатывы.
Рыторыка супярэчлівая: і Захад – калектыўны (рыторыка праўладных аналітыкаў) і без Лукашэнкі прападзем. І ўсё прапала, шэф…
Але ж цяперашні палітычны рэжым – гэта адна з прычын палітычнай напружанасці ў рэгіёне, а не стабільнасці.
Палітвязні, недэмакратычныя выбары, эканамічныя санкцыі, міграцыйны крызіс, тактычная ядзерная зброя ў Беларусі, “Вагнераўцы”, расійскія ваенныя базы, расійская агрэсія с тэрыторыі Беларусі ва Украіну… Гэта набор прычын, які ў народзе не ўспрымаецца, бо ўсе ведаюць хто іх спарадзіў.
Не рабі эскалацыю і напружанасць сама па сабе знікне.
Праяві палітычную волю і зрабі палітычную амністую і працэс перамоваў пойдзе, як унутры краіны, так і за яе межамі.
А калі мэта — утрыманне ўлады, то і напружанасць у рэгіёне і эскалацыя будзе толькі нарастаць.
Дыскусія пра тое, ці варта ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях сярод дэмакратычных партый і арганізацый (ужо ліквідаваных і яшчэ не) працягваецца.
Уздымаецца і пытанне далейшай легітымнасці Святланы Ціханоўскай як лідаркі пасля 2025 года.
Аргумент, што Ціханоўская павінна прадстаўляць беларускі народ да моманту правядзенне свабодных і справядлівых прэзідэнцкіх выбараў, не гучыць пераканаўчым, бо выбары пры любым раскладзе былі і ёсць “вакном магчымасцяў”, якія ў тым ліку і парадзілі саму Святлану Ціханоўскую.
Палітычнае поле ва ўмовах, калі частка палітычных лідараў за кратамі, а другая — у эміграцыі, выглядае спустошаным. І гэта становіцца спакусай для тых, хто застаўся.
Палітыка – гэта майстэрства магчымага, але для ўдзелу ў выбарчай кампаніі і прызнання патрэбны выразныя мэсэджы.
Удзел дзеля атрымання Маторнага завода ці дэпутацкага мандату ў парламенце, альбо ўдзел з мэтай вызвалення палітвязняў і вяртанне тысяч беларусаў з эміграцыі, спыннення ціску і гвалту з боку праваахоўнікаў, вяртанне ў краіну закона і выбараў — мэсэджы рознага ўзроўню.
Хочацца пачуць асноўны мэсадж удзелу ў выбарчай кампаніі, а не асцярожны запыт на дазвол аб магчымасць быць спарынг-партнёрам і выгандляваць сабе за гэта нейкія прэферэнцыі альбо атрымаць уваход у палітычную сістэму…”