
Гастранамічны фестываль «Мотальскія прысмакі», які вядомы далёка за межамі не толькі брэсцкага рэгіёна, але і нашай краіны, пачынае сваё «смачнае» шэсце ў суботу. Нават яго афіша выклікае апетыт.
Гандлёвыя і вытворчыя падворкі майстроў назвалі «Мотальскія спакусы на розныя густы». Дэгустацыйны кейтэрынг па-мотальскі «Запрашаем на мясцэ, сальцэ, вінцэ і каўбаскі кальцэ». Мядовы падворак падрыхтаваў каляровыя заклікі: «Ешце мядок — будзе ладок».
Як заўсёды, арганізатары абяцаюць многа песень, танцаў, пачастункаў. Урачыстае тэатралізаванае шэсце «У адзінстве, міру і сяброўства» стане афіцыйным адкрыццём свята. У шэсці абяцаюць прыняць удзел творчыя калектывы Беларусі, Расіі, прадстаўнікі дыяспар, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, прадстаўнікі дэлегацый краін-гасцей.
Вечарам першага дня прадугледжана вялікая канцэртная праграма: «Наш Моталь вітае славутых людзей, усіх дарагіх і шаноўных гасцей». Пляцоўка «Каля млына» стане месцам гумару і забаўлянак. А вячэрні фестывальны баль назвалі «Мотальскія выхілясы».
У нядзелю адбудзецца круглы стол «Нацыянальная кухня — ключ да дружбы народаў», пройдуць выстава-кірмаш выпечкі, мнагажанравы фестываль дзіцячай і юнацкай творчасці, стол сяброўства «Прысмакі для гасцей з усіх валасцей».
Нагадаем, што Моталь знаходзіцца ў Іванаўскім раёне Брэсцкай вобласці.