У Акадэмію кіравання сёлета прымалі толькі пасля гутаркі

У Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на аднаго выпускніка па 3,5 заяўкі ад дзяржаўных органаў і арганізацый, паведаміў журналістам рэктар Акадэміі Вячаслаў Даніловіч, перадае БелТА.

З аднаго боку, рэктару ёсць чым хваліцца. Але з іншага — гэта сведчыць пра дэфіцыт кадраў у дзяржарганізацыях.

«Да нас прыйшла вучыцца вельмі матываваная моладзь. У гэтым годзе мы ўвялі прафесійна-псіхалагічную гутарку — гэта быў своеасаблівы допуск да конкурсу ў акадэміі. Гутарка праходзіла пачынаючы з 8 красавіка. Большая частка тых, хто паступіў з 245 чалавек, прайшлі ў нас гутарку да таго, як скончылі навучанне ў школе. Гэта гутарка, з аднаго боку, паказала даволі высокі ўзровень іх падрыхтоўкі, а з другога — іх грамадскую, сацыяльную актыўнасць і нацэленасць на работу ў дзяржаўных органах і арганізацыях. Усяго 428 чалавек прайшлі гутарку ў Акадэміі кіравання, але з іх толькі 245 прынялі. Гэта значыць адбор даволі вялікі — фактычна 2 чалавекі на месца», — расказаў Вячаслаў Даніловіч.

1 верасня ў Акадэміі кіравання, як і паўсюль, прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню ведаў і пачатку навучальнага года. У бягучым годзе вучобу ў Акадэміі кіравання пачнуць 245 студэнтаў вочнай формы атрымання адукацыі па трох спецыяльнасцях: «дзяржаўнае кіраванне і права», «дзяржаўнае кіраванне і эканоміка», «кіраванне інфармацыйнымі рэсурсамі».

ИсточникНВ-онлайн