РТБД адкрывае чарговы тэатральны сезон

Афіша спектакля "Карней".

Заўтра, 22 жніўня, пакажуць рэзанансную мінулага сезона – спектакль Алены Зміцер “Карней” па матывах твораў Уладзіміра Караткевіча.

“Сезон скарбаў” – так гучыць назва новага XXXII тэатральнага сезона ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі.

“Сёння глядач Тэатра беларускай драматургіі – своеасаблівы паляўнічы за тэатральнымі скарбамі: прэм’ернымі спектаклямі, праектамі, сустрэчамі з людзьмі тэатра – як пажыткам для розуму, унутранымі лабараторыямі і адкрыццямі, шчырымі адчуваннямі і эмоцыямі, — кажуць у тэатры. — А для РТБД скарбы – гэта ўсё тое каштоўнае, што ў розныя перыяды жыцця і станаўлення нагадвае, вяртае да галоўнага: хто ты, адкуль ты, дзе твае карані, твая самасць, унутраны стрыжань, моц, падтрымка. І перш за ўсё – гэта людзі. Таму канцэпцыяй новага трыццаць другога сезона тэатр жадае падкрэсліць: скарбы хаваюцца і знаходзяцца ў людзях.

XXXII  тэатральны сезон будзе насычаны юбілейнымі датамі любімых артыстаў, а гэта значыць, гледачоў чакае яшчэ больш цёплых, душэўных сустрэч з людзьмі-скарбамі тэатра, у планах – спецыяльныя праекты, цікавыя эксперыменты, прэм’ерныя спектаклі, тэатралізаваныя чытанні п’ес ад Цэнтра беларускай драматургіі.

Пачатак тэатральнага сезона абяцае быць багатым на фестывалі, ужо запланаваны ўдзел у такіх фестывалях, як Міжнародны тэатральны фестываль “БЕЛАЯ ВЕЖА – 2023” (г.Брэст, верасень) са спектаклем “Камень дурасці”, Міжнародны Волкаўскі тэатральны фестываль (г.Яраслаўль, Расія, верасень) са спектаклем “Шлюб з ветрам”, Міжнародны тэатральны фестываль “Балтыйскі дом” (г.Санкт-Пецярбург, Расія, кастрычнік) са спектаклем “Пачупкі”.

Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі чакае ўсіх аматараў тэатра і сяброў у XXXII “Сезоне скарбаў”, каб разам здзейсняць падарожжы за асабістымі і сумеснымі скарбамі”.

Пра што спектакль «Карней»?

“Карней” – гэта спектакль, у якім галоўным прадметам даследавання становіцца Дом. Дом як сімвал, як пачуццё, як сувязь з роднай зямлёй, як злучальнае звяно пакаленняў, досведаў, часоў і выпрабаванняў.

Галоўны герой Карней – мясцовы пацукалоў, неадназначны, дзівакаваты чалавек, якога любяць усе дзеці і, як потым выяўляецца, усе мышы. Ён марыць аб Доме, шукае яго – сваё месца. Аднак, калі знаходзіць, здараецца страшнае… Вайна, перад тварам якой чалавек, як і ўсё жывое, – вельмі хісткая, крохкая істота, дробязь, пясчынка. Як, сутыкнуўшыся з такой дадзенасцю, такой рэчаіснасцю, засцерагчы, адстаяць, абараніць сімвал сувязі з роднай зямлёй, родам – свой Дом?..

У аснове спектакля – апавяданне Уладзіміра Караткевіча “Карней – мышыная смерць”, а таксама ўрыўкі з празаічных твораў пісьменніка, яго вершаў і эсэ.

“Уладзімір Караткевіч – гэта наш культурны код. Можна гэтага не ўсведамляць, ні разу не чытаць яго твораў, не ведаць мовы. Але калі ты беларус і табе трапляецца ў рукі кніга Караткевіча, на падсвядомым узроўні ты будзеш разумець, аб чым піша наш класік. Ён падымае глыбіннае. Піша ад жывата, нават не ад сэрца, не ад галавы, а ад жывата. Тое, што немагчыма растлумачыць, што, здаецца, немагчыма ўвабраць у словы, ён робіць магчымым. Знаходзіць трапныя вобразы, сімвалы, гісторыі. Калісьці свет трымаўся на кіце, чарапахе і сланах, дык вось, мне думаецца, што дзесьці між імі для Беларусі быў Караткевіч”, — гаворыць рэжысёр спектакля Алена Зміцер.

ИсточникНВ-онлайн