Праўладныя палітыкі дамаўляюцца аб правілах. Якія тэмы не для дыскусій?

Вадзім Гігін. Фота з адкрытых крыніц.
Вадзім Гігін. Фота з адкрытых крыніц.

Задача вядучых палітычных сіл краіны — не раскалоць грамадства, а аб’яднаць, заявіў журналістам генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, палітолаг Вадзім Гігін у час пасяджэння штаба патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Цяпер Беларусь, наша грамадства, дзяржава ўступае ў вельмі важны перыяд, — сказаў Вадзім Гігін. — У нас перадвыбарная кампанія — згодна з Канстытуцыяй і законам у лютым наступнага года пройдуць выбары ў Нацыянальны сход, саветы ўсіх узроўняў, затым нас чакае прэзідэнцкая выбарчая кампанія. І вядучыя палітычныя сілы — партыі, грамадскія аб’яднанні, суб’екты грамадскай супольнасці, тыя арганізацыі, якія будуць фарміраваць Усебеларускі народны сход, вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары, вырашылі дамовіцца аб правілах. Так, ёсць і палітычная барацьба, таму што ў камуністаў свая ідэалагічная платформа, у «Белай Русі» — свая, у Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці — свае погляды, ліберальныя дэмакраты таксама фармулююць уласную ідэалогію. Ёсць грамадскія аб’яднанні, якія не ўдзельнічаюць у палітычнай барацьбе, але яны фарміруюць Усебеларускі народны сход, накіроўваюць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Усе задзейнічаны, усё грамадства. І, такім чынам, мы павінны дамовіцца аб правілах цывілізаванай барацьбы».

Нагадаем, што апазіцыйныя партыі з гэтай барацьбы фактычна выключаны: адны ўжо ліквідаваны Вярхоўным судом, па некаторых даты пасяджэнняў аб лікідацыі ўжо прызначаны.

Але Гігін лічыць, што і праўладным сілам трэба дамовіцца аб тым, пра што не варта спрачацца.

«Кожны павінен прапанаваць сваю праграму, але разам з тым разумець, што для нас непахісна. Непахісны гістарычны выбар беларускага народа, тыя асноўныя прынцыпы, якія сфармуляваны ў гады прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі, Канстытуцыя ў яе рэдакцыі, прынятая на рэферэндуме 2022 года. Непахісны наша сімволіка, якая набывае сакральны характар: дзяржаўныя герб, гімн, сцяг, разуменне гістарычнага шляху беларускага народа. Вось гэта тая аснова, якая, яшчэ раз падкрэслю, з’яўляецца непахісным базісам для далейшага развіцця беларусаў. А па астатніх пытаннях можна весці дыскусіі, чаму не», —  лічыць ён.

Адзначым, што да сёння ніякіх сур’ёзных публічных дыскусій паміж праўладнымі палітычнымі сіламі не было ні па якіх тэмах альбо праблемах.  Ды і словы Гігіна пра тое, што яны маюць розныя палітычныя праграмы, выглядаюць перабольшваннем, бо ўсе адзінадушна падтрымліваюць погляды, падыходы і рашэнні Аляксандра Лукашэнкі. У такой сітуацыі нават цікава, па якіх жа тэмах прагназуецца дыскусія.

ИсточникНародная Воля