
У 23:56 17 жніўня на памежным пераходзе «Шумскас» — «Лоша» на беларуска-літоўскай мяжы выставілі знак, які забараняе праезд. А з 00:00 18 жніўня быў закрыты і пераход і «Твярачус» — «Відзы».
Такім чынам, рашэнне ўладаў Літвы аб закрыццці двух пераходаў на мяжы з Беларуссю пачало дзейнічаць.
Цяпер на беларуска-літоўскай мяжы засталіся функцыянаваць памежныя пераходы «Каменны Лог», «Прывалка», «Беняконі» і «Катлоўка».
Сёння раніцай Дзяржпагранкамітэт паведамляў, што самым загружаным для фур на 10.00 заставаўся літоўскі кірунак — уезду ў ЕС чакалі больш за 390 грузавых аўтамабіляў.
Адзначаецца, што найбольшая чарга грузавікоў — перад пунктам пропуску «Мядзінінкай» («Каменны Лог»). Згодна беларускім памежнікам, з пачатку тыдня супрацоўнікі гэтага пагранперахода прапусцілі на сваю тэрыторыю каля 21% фур ад нормы.
У ДПК дадалі, што пасля закрыцця Літвой пунктаў пропуску «Шумскас» («Лоша») і «Твярачус» («Відзы») расце чарга легкавікоў перад латвійскімі пунктамі пропуску «Патэрніекі» («Грыгароўшчына») і «Сілене» («Урбаны»).