
Учора ў Беларускім дзяржаўным універсітэце Аляксандр Лукашэнка быў нечакана талерантным і ліберальным. Прызнаў, што некаторыя ў залі крывіліся падчас сустрэчы. Але гэта добра.
«Я ж ваш калега — выкладчык, лектар. І вось я гляджу ў аўдыторыю, калі выступалі людзі. Хтосьці скрывіўся, хтосьці галавой махае, хтосьці не згодны. Бачу, што нават у гэтай аўдыторыі не ўсё адназначна. Ну і не трэба. Не павінна быць адназначнасці гэтай, — такую цытату прыводзіць БЕЛТА. — Няма курсу на тое, каб кагосьці прыціснуць, меркаванне ўшчаміць. Я часта кажу, што мне кладуць на стол графік, і нарады практычна кожны дзень. Калі няма некалькіх пунктаў гледжання, я адразу адкладаю дакумент. Няма чаго праводзіць нараду».
«Павінны быць пункты гледжання. Мы акуратна павінны абмяркоўваць гэтыя пытанні. Не трэба наскакваць адзін на аднаго, не трэба крышыць адзін аднаго. Гэта ж нашы людзі. Трэба акуратна падыходзіць. Нельга ні ў якім разе ў гэтай сітуацыі „ламаць адзін аднаму рэбры“. Прытым сваім людзям, не ворагам», — сказаў ён.
Аказваецца, ён арыентуе на падобны падыход і сілавыя ведамствы. «Але ворага трэба бачыць. Час такі. Але быць вельмі акуратнымі», — заўважыў ён.
Што тычыцца інтэлігенцыі, то Лукашэнка лічыць недапушчальным «вастрыць» яе пад таго ці іншага палітычнага дзеяча. «Гэтага быць у нашым грамадстве не павінна. Ніякіх вуліц, ніякіх помнікаў, асабліва пры жыцці», — сказаў Лукашэнка.
Цікава, а чыім імем пры жыцці нехта прапаноўвае яму называць вуліцы ці ставіць помнікі. Ці не імем Лукашэнкі?..