Мінская міліцыя папярэдзіла пра пік «кватэрнага махлярства»

Фота з адкрытых крыніц.

Махляр выкладвае ў сацсетках або на спецыялізаваных пляцоўках аб’яву аб здачы жылля, з прыгожай карцінкай і нізкім цэннікам, просіць перавесці задатак – нібыта на жыллё вялікі попыт – і знікае.

«Цяпер ідзе пік падобных махлярстваў, паколькі попыт на рынку арэнднага жылля ўзрастае: прыязджаюць маладыя спецыялісты, студэнты, якія па нейкіх прычынах не атрымалі інтэрнат альбо адмовіліся ад яго. І аферысты гэтым попытам карыстаюцца», — паведаміў начальнік аддзела УУР ГУУС Мінгарвыканкама Віталь Сарока выданню «СБ. Беларусь сёння».

«Толькі за ліпень у нас 24 заявы», — дадаў ён. З пачатку ж года ад гэтай ашуканскай схемы ў сталіцы пацярпела 64 чалавекі.

Як падкрэсліў прадстаўнік ГУУС, «выявіць нядобрае можна на этапе маніторынгу аб’яваў. Па-першае, цана. Яна на 10-20% ніжэй рынкавай. Па-другое, прымацоўваюцца прыгожыя, знойдзеныя ў інтэрнэце фатаграфіі жылля, якое ніяк не адпавядае памеру арэнднай платы.  А пасля таго, як з’яўляюцца жадаючыя зняць кватэру, нібыта ўласнік ўсяляк пазбягае сустрэчы і просіць перавесці задатак – гэта трэці момант, на які варта звярнуць увагу».

«Не бачачы кватэры, дакументаў на яе, не трэба нічога пералічваць. І не трэба весціся на прамовы накшталт «задатак – гарантыя таго, што кватэра будзе замацаваная за вамі, бо попыт на яе вялікі, адбою ад кватарантаў няма». Натуральна, суіскальнік хоча выгадна зняць жыллё, якое звычайна даволі дарагое. Але лепш не спяшацца, а асабіста сустрэцца з уласнікам, праверыць, што чалавек – сапраўды ўладальнік кватэры. А зрабіць гэта можна, паглядзеўшы яго дакументы і дакументы на кватэру», — дадаў ён.

Праваахоўнік раіць не аплачваць жыллё без заключэння дагавора арэнды і прапісваць у дакуменце ўнесены за кватэру заклад, а таксама ўмовы яго вяртання. І абавязкова браць распіску.

ИсточникНВ-онлайн