“Кошт пытання – больш за 4 тысячы еўра”. Беларус Ілля Дабратвор пагадзіўся ў Варшаве на медыцынскі эксперымент

Ён распавёў nv-online.info, што падштурхнула яго пайсці на такі крок.

Ілля Дабратвор ужо некалькі гадоў жыве ў Польшчы. У Варшаве беларус здымаўся ў масоўках кіно, працаваў ахоўнікам на футбольных матчах і канцэртах, а таксама практычна кожны дзень таксаваў. Працуе таксістам ён і да гэтага часу.

“Нейкая швейцарская фірма праводзіць тэст лекаў на людзях, — напісаў зараз на сваёй старонцы ў Фэйсбук Ілля Дабратвор. – Плацяць 25 тысяч злотых. Я асабіста паспрабую…”

— Грошы патрэбны, — удакладніў ён nv-online.info. – У сацыяльных сетках я знайшоў прапанову гэтай фірмы і практычна адразу пагадзіўся на медыцынскі эксперымент.

Праўда, маё жаданне паўдзельнічаць у ім не азначае, што мяне ўжо аўтаматычна залічылі ў спіс. Неабходна, каб чалавек падыходзіў для правядзення тэста, патрэбны пэўныя ўмовы…

— Напрыклад?

— Прыняць удзел у тэсце могуць мужчыны ад 28 да 55 гадоў, якія не ўжываюць наркотыкі і не злоўжываюць алкаголем, не паляць больш за 5-10 цыгарэт за дзень. Чалавек не павінен займацца спортам і неабароненым сексам.

Я, як быццам, па ўсіх гэтых параметрах падыходжу, таму звярнуўся ў клініку і здаў усе неабходныя аналізы. Пазней паведамяць, ці ўключаны я ў спіс тых, хто будзе ўдзельнічаць у эксперыменце.

— Калі ўключаць…

— Далей, наколькі вядома, трэба 4-5 дзён паляжаць у стацыянары ў клініцы, якая знаходзіцца пад Варшавай. Там зробяць адзін укол. Пасля гэтага на працягу васьмі месяцаў трэба прыязджаць у клініку на абследванне. У апошнія 4-5 месяцаў – раз на месяц.

— Вы ведаеце, у якім канкрэтна медыцынскім эксперыменце збіраецеся ўдзельнічаць? Што будуць калоць удзельнікам тэста?
— Здаецца, будуць тэставаць прэпарат, які выводзіць лекі з арганізма пасля хіміятэрапіі.

— Абяцалі заплаціць 25 тысяч злотых?

— Гэта сума да вылічэння падаткаў, а на рукі атрымаеш менш – прыкладна 19-20 тысяч злотых. Гэта прыкладна 4100-4300 еўра. Аплата ў чатыры плацяжы.

— Не боязна стаць падвопытным пацуком? Бо невядома яшчэ, як ваш арганізм адрэагуе на гэты прэпарат…

— Па-першае, я яшчэ не перамог у “конкурсе”. Па-другое, апошнім часам я праз столькі выпрабаванняў прайшоў, што мне ўжо нічога не страшна. І трэцяе – грошы патрэбны.

Хачу дадаць, што, калі буду ўдзельнічаць у тэсце на працягу васьмі месяцаў, то адначасова магу і таксістам працаваць. Ніякіх супрацьпаказанняў і забаронаў тут няма.

Дарэчы, я ведаю, што і яшчэ некалькі беларусаў, якія жывуць у Польшчы, таксама пагадзіліся паўдзельнічаць у тэсце. Хаця, калі быў у клініцы, бачыў, што ў асноўным жадаючыя – палякі.