Домой На беларускай мове

Колькасць занятых у беларускай эканоміцы зноў зменшылася

Ілюстрацыйнае фота.

Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі ў ліпені гэтага года склала 4 147 000 чалавек, паведамляе Белстат.

Як вынікае з папярэдніх паведамленняў ведамства, у чэрвені 2023 года гэтая колькасць была роўная 4 148,1 тыс. Гэта значыць, за месяц колькасць занятых знізілася на 1,1 тыс. чалавек.

Тэндэнцыя на зніжэнне была і раней. Напрыклад, па выніках сакавіка колькасць занятых склала 4 175,9 тыс чалавек. Гэта азначае, што ў параўнанні з першым месяцам вясны паказчык у сярэдзіне лета зменшыўся яшчэ прыкладна на 29 тысяч.

А за 2022 год гэтая колькасць зменшылася ўвогуле даволі істотна: з 4 244,6 тыс. чалавек у студзені да 4 189,6 тыс. у снежні. Гэта значыць зніжэнне склала 55 тысяч.

Дарэчы, калі параўноўваць студзень гэтага года са студзенем 2020-га, то высветліцца, што занятых у эканоміцы стала менш на 156,5 тыс. чалавек.

Устойлівы трэнд на зніжэнне занятасці назіраецца з 2011 года. Афіцыйная статыстыка наўпрост звязвае гэта з дэмаграфічнымі працэсамі ў краіне: скарачэннем колькасці жыхароў Беларусі. Незалежныя эксперты дадаюці да дэмаграфіі фактар ад’езду з краіны працаздольнага насельніцтва.

Exit mobile version