У Мазыры кіроўца легкавіка страціў прытомнасць за рулём і збіў жанчыну на пераходзе, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на аддзяленне па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама.
54-гадовы кіроўца ехаў на ВАЗ-2104. «Мужчына страціў прытомнасць, выехаў на раздзяляльную паласу, дзе наехаў на стойку дарожнага знака. Затым збіў 39-гадовую жанчыну, якая пераходзіла дарогу па пешаходным пераходзе. Пасля гэтага аўто сутыкнулася з прыпаркаванымі машынамі», — распавялі ва УДАІ.
Жанчыну-пешахода з траўмамі даставілі ў бальніцу.
Дзяржаўтаінспектары нагадалі вадзіцелям, што забараняецца садзіцца за руль у хваравітым або стомленым стане, які ставіць пад пагрозу бяспеку дарожнага руху, а таксама пад уздзеяннем лекавых сродкаў, якія зніжаюць увагу і хуткасць рэакцыі.