
Самым папулярным колерам школьнай формы ў гэтым годзе стаў сіні. Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення каардынацыі развіцця трыкатажнай і швейнай галін «Беллегпрама» Настасся Куцішчава, піша БЕЛТА.
«На аснове аналітыкі маркетынгавых даследаванняў сіні колер быў выбраны як найбольш запатрабаваны. Далей прадстаўлены чорны колер. Шэры, бардовы — гэта дадатковыя колеры. Некаторыя ўстановы адукацыі выбіраюць іх як асноўныя», — сказала Настасся Куцішчава.
Паводле інфармацыі намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі — начальніка ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Ірыны Каржовай, сіняму колеру аддалі перавагу ў 55 працэнтах выпадкаў, чорнаму — у 33 працэнтах.
Настасся Куцішчава звярнула ўвагу, што колер школьнай формы выбіралі сумесна бацькоўскі камітэт і дырэкцыя школы.
Як дадала Ірына Каржова, у мінулым годзе, калі ішла размова аб першым элеменце школьнага адзення, у міністэрства паступалі шматлікія звароты бацькоў. Яны скардзіліся, што ў школах нібыта прымушаюць купляць тое ці іншае адзенне для школьнікаў. На працягу года актыўна праводзілася растлумачальная работа. Мінадукацыі звяртала ўвагу, што выбар школьнай формы павінен быць сумесным рашэннем. «Так, павінна быць адзенне для канкрэтнай школы, але гэта — сумеснае раэшнне бацькоў, вучняў, педагогаў. Выпрацоўвайце калегіяльна», — падкрэсліла яна.