Анатоль Кляшчук працаваў загадчыкам аддзела фотаілюстрацый газеты «Звязда», у апошнія гады ён змагаўся з анкалагічнай хваробай.
Анатоль Кляшчук быў аўтарам шэрага фотаальбомаў і фотавыстаў, у жыцці заўсёды паважліва ставіўся да людзей, і зараз людзі з такой жа павагай пішуць пра фотамайстра ў сацыяльных сетках.
“Трагічная навіна: памёр Анатоль Кляшчук, — гаворыць Васіль Дранько-Майсюк. — Ён адзін з лепшых беларускіх фатографаў, а таксама таленавіты публіцыст.
Выдатна працаваў у чорна-белай і каляровай фатаграфіі. Быў вялікім майстрам рэпартажнай здымкі і тонкіх пейзажных замалёвак, асабліва любіў фатаграфаваць беларускія мястэчкі. Адна з яго любімых тэмаў — саматужныя творцы: вясковыя скрыпачы і цэлыя местачковыя капэлы, мастакі, разьбяры, стваральнікі народных святаў, майстры маляваных дываноў.
Яго ўнікальныя, часам імправізацыйныя, а часам геніяльна зрэжысіраваныя фотаздымкі ўражваюць мастацкай дасканаласцю, кампазіцыйнай выразнасцю, багаццем фактур, вобразаў.
Яго мастацтва ў сваёй пераважнай большасці аптымістычнае, аднолькава зразумеллае і цікавае простаму чалавеку і эстэту.
Кляшчук па-новаму нам адкрыў свет нашых мястэчкаў, па-новаму паказаў мой родны Давыд-Гарадок, які ён палюбіў і на працягу многіх дзесяцігоддзяў здымаў яго адметныя дамы з сонцамі на шчытах хат, лодкі-дубы, майстроў цікетачнага жывапісу, свята Конікі. Пазней многія з гэтых фотаздымкаў узбагацілі альбом, прысвечаны Давыд-Гарадку, які ён стварыў разам са сваім сябрам, паэтам Леанідам Дранько-Майсюком…”
“Сумная вестка, пайшоў ад нас выбітны беларускі фатограф, аўтар фотарэпартажаў газеты «Звязда» Анатоль Кляшчук, — дадае Алесь Хітрун. — Яго прозвішча можна было прачытаць на старонках гэтага выдання і ў іншых. Аднак, яго фоташэдэўры засталіся з намі, гэта значыць, памяць аб ім — таксама.
Мне пашанцавала у сакавіку гэтага года сустрэцца з ім на прэзентацыі праграмы «Варажбіт» майго вядомага земляка, этна-музыкі Івана Кірчука, якая праходзіла ў музеі «Лошыцкая сядзіба». У той дзень мне ўрачыста Іван Іванавіч ўручыў бокс — камплект (кніжачку, дыск, флешку) з сабранымі ім песнямі падчас экспедыцый. У яго рэпертуар патрапіла і мая бабуля Яніна Янаўна Руцкая з песняй «Марусенька».
Анатоль Кляшчук змог аб гэтым падрыхтаваць фотарэпартаж і змясціў яго на сайце «Звязды».
Напісанае застаецца. Памяць засталася і ў мяне. Вечная, светлая памяць…”
P.S. Як стала вядома, развітанне з Анатолем Клешчуком адбудзецца ў Мінску 6 верасня з 10 па 12 гадзіну па адрасе вуліца Сямашкі, 8, корпус 8, у вялікай зале.