ДАІ Беларусі «ўзброілася» дронамі

Дзяржаўтаінспекцыя Віцебскай вобласці будзе выкарыстоўваць дроны для кантролю абстаноўкі на дарогах.

У абласным цэнтры ўпершыню апрабавалі новыя тэхнічныя сродкі патрулявання, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

«Новыя тэхнічныя сродкі патрулявання вуліц будуць выкарыстоўвацца, зыходзячы з аналізу найбольш небяспечных участкаў дарог, у месцах, дзе зафіксавана больш за ўсё ДТЗ з траўмамі пасажыраў і вадзіцеляў, у гадзіны пік пры напружанай сітуацыі на дарогах горада. Цяпер у нас ёсць два разведвальныя беспілотнікі, якія ўздымаюцца на вышыню да 6 км і фіксуюць парушэнні. З дронам працуюць аператар і памочнік аператара, але ў далейшым будзе дастаткова аднаго чалавека. Батарэі хапае на 45 хвілін, і калі ўзровень зарада падае да 15%, лятальны апарат аўтаматычна вяртаецца на базу. Ён прывязаны да пульта кіравання і запамінае пры ўзлёце кропку, дзе пульт знаходзіцца. Наяўнасць такога сучаснага тэхнічнага сродку дысцыплінуе кіроўцаў, і ў выпадку ДТЗ здымка з яго з’яўляецца бясспрэчным доказам», — распавёў часова выконваючы абавязкі намесніка начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама падпалкоўнік Руслан Караеў.

Аператары, якія кіруюць беспілотным лятальным апаратам, прайшлі спецыяльнае навучанне. У Мінабароны Беларусі кожны дрон зарэгістраваны. Дзяжурная служба ДАІ папярэдне паведамляе ў ведамства аб працы апарата, і там па сігнале GPS сочаць за кожным уздымам апарата ў паветра.

«Ёсць планы на пашырэнне парку дронаў, а пакуль мы будзем задзейнічаць наяўныя як у патруляванні вуліц, так і ў навучанні супрацоўнікаў ДПС у раёнах, дзе вопытныя аператары будуць перадаваць калегам веды па кіраванні апаратамі», — дадаў Руслан Караеў, адзначыўшы, што ў Віцебскай вобласці ДАІ першай з рэгіянальных структур ўвяла ў свой арсенал беспілотнікі.

Ужо ёсць і першыя вынікі працы беспілотнікаў. Падчас адпрацоўкі вуліц Віцебска робат перадаў сігналы аб рэзкіх манеўрах некалькіх кіроўцаў. У выніку пры праверцы аказалася, што двое аўтааматараў — мужчына і жанчына — знаходзіліся за рулём у стане алкагольнага ап’янення.

ИсточникНВ-онлайн