«Аб прадпрымальніцтве», «Аб прэзідэнце»: якія законапраекты рыхтуюца да чарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў

Фота з адкрытых крыніц.

Пасяджэнне Савета Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адбылося 16 жніўня. Пра гэта БелТА паведамілі ў прэс-службе Палаты прадстаўнікоў.

Адкрываючы пасяджэнне, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Андрэйчанка закрануў пытанне падрыхтоўкі да маючай адбыцца заключнай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. Ён адзначыў, што да яе пачатку застаецца ўсяго месяц. У адпаведнасці з Канстытуцыяй яна адкрыецца 19 верасня.

Уладзімір Андрэйчанка праінфармаваў, што зацверджаны графік падрыхтоўкі пытанняў для разгляду на маючай адбыцца сесіі, у які цяпер уключаны 15 законапраектаў.

Шэсць законапраектаў прайшлі ўжо ўсе неабходныя працэдуры (па пытаннях адзінай дзяржаўнай сістэмы рэгістрацыі правапарушэнняў, дарожнага руху, аховы здароўя, каранціну і аховы раслін, аб ратыфікацыі беларуска-іранскага пагаднення аб перадачы асоб, асуджаных да пазбаўлення волі, для далейшага адбывання пакарання, а таксама аб прыпыненні беларуска-ўкраінскага пагаднення аб рэгуляванні працэсу перасялення і абароне правоў перасяленцаў і членаў іх сем’яў).

Яшчэ адзін праект у аўтарскай рэдакцыі накіраваны кіраўніку дзяржавы (аб змяненні законаў па пытаннях кіравання жыллёвым фондам і яго эксплуатацыі). Яшчэ па чатырох законапраектах вядзецца работа (праекты законаў аб змяненні кодэксаў па пытаннях гаспадарчай дзейнасці, выканання пакаранняў, абыходжання з адходамі, сацыяльнага абслугоўвання і сацыяльных выплат).

Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў падкрэсліў, што самую сур’ёзную ўвагу неабходна ўдзяліць законапраекту аб змяненні кодэксаў па пытаннях гаспадарчай дзейнасці. Дакумент складаны, аб’ёмны. Тое ж самае датычыцца праекта Кодэкса грамадзянскага судаводства.

Вялікая работа праведзена па законапраекце па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, які прынцыпова мяняе падыходы да рэгулявання гэтага інстытута.

Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, у бліжэйшыя месяцы ў Палату прадстаўнікоў паступіць шэраг законапраектаў. Перш за ўсё гэта законапраекты, якія трэба прыняць у рамках Прыкладнага плана мерапрыемстваў па прывядзенні законаў у адпаведнасць з абноўленай Канстытуцыяй. Не ўнесены яшчэ пяць праектаў — аб Прэзідэнце, аб дзяржаўных узнагародах, аб абароне правоў спажыўцоў, аб інвестыцыях, аб свабодзе веравызнання і рэлігійных арганізацыях.

Чакаецца каля 15 дакументаў у адпаведнасці з планам падрыхтоўкі праектаў заканадаўчых актаў на 2023 год. Гэта, у прыватнасці, бюджэтна-падатковы пакет, законапраекты аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі суб’ектаў гаспадарання, аб пракуратуры, аб крэдытных гісторыях, аб меліярацыі, аб ветэрынарнай дзейнасці, аб чыгуначным транспарце, аб занятасці насельніцтва, аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па пытаннях рэгулявання шлюбных і сямейных адносін.

Безумоўна, у сесіённы перыяд паступіць шэраг непланавых дакументаў.

ИсточникНВ-онлайн