Сёння Вярхоўны суд ліквідуе Партыю БНФ, заўтра — АГП

Іск аб ліквідацыі падала Міністэрства юстыцыі.

Разгляд справы пачнецца сёння аб 11-й гадзіне ў Вярхоўным судзе.

Сёння Вярхоўны суд ліквідуе Партыю БНФ, заўтра -- АГП
Скрыншот з раскладу суда.

З гэтай нагоды пакуль яшчэ зарэгістраваная партыя зрабіла адпаведную заяву. Магчыма, што пра гэта ж прадстаўнікі партыі сёння будуць гаварыць і ў судзе.

“Згодна з абноўленым законам «Аб палітычных партыях» на партыі ад 2023 году быў ускладзены абавязак забяспечваць выкананне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам, — гаворыцца ў заяве. — Невыкананне гэтага прынцыпу замацавана ў законе як асобная падстава для ліквідацыі палітычных партый, таксама як і іншых грамадскіх аб’яднанняў.

Такім чынам, на заканадаўчым узроўні замацаваная норма пра немагчымасць існавання ў зарэгістраваным статусе тых аб’яднанняў, якія не падтрымліваюць цяперашні палітычны курс кіраўніцтва краіны і гуртуюць людзей на аснове іншага погляду на неабходныя для Беларусі і беларускага народу шляхі развіцця, маюць іншае бачанне беларускай будучыні і неабходнай для нацыі ўнутранай і знешняй палітыкі.

Партыя БНФ не мела ані палітычнага права, ані юрыдычных магчымасцяў прывесці сваю ідэалогію, праграму і практычную праграмную дзейнасць у адпаведнасць з новым законам і падпарадкавацца гэтаму патрабаваньню для мэты перарэгістрацыі.

Пры гэтым у дачыненні да Партыі БНФ былі ўжытыя шматлікія мэтады рэпрэсій і пераследу, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў ад красавіка 2021 года знаходзіцца за кратамі, ён асуджаны на 10 гадоў зняволення па абвінавачванні ў змове. У зняволенні знаходзяцца многія іншыя сябры партыі…

Цэнтральная сядзіба Партыі БНФ у Мінску была апячатаная следчымі органамі ад 14 ліпеня 2021 году, калі па краіне пракацілася хваля ператрусаў у офісах грамадскіх арганізацый.

10 лістапада 2021 году Вярхоўны суд прыняў рашэнне ліквідаваць Грамадскае аб’яднанне БНФ «Адраджэнне». Пры гэтым Статутнай мэтай Партыі БНФ ёсць ажыццяўленне Праграмы Грамадскага аб’яднання «БНФ «Адраджэнне».

З улікам выкладзенага Партыяй БНФ было прынятае палітычнае рашэнне не падаваць дакументы перарэгістрацыю партый.

Партыя БНФ як палітычнае аб’яднанне з’яўляецца прадаўжальнікам традыцыі нацыянальна-дэмакратычнага руху беларускага народу, на які працавалі некалькі пакаленняў беларускіх патрыётаў. Нас цешыць, што да гэтай традыцыі за апошнія гады далучыліся шматлікія тысячы грамадзян, што ўсвядомілі ідэалы Нацыянальнага Адраджэння як свае.

Свабода, незалежнасьць, адраджэнне – гэта асноўныя праграмныя каштоўнасці Партыі БНФ. Без іх беларуская дзяржаўнасць ня можа быць паўнавартаснай, і яны абавязкова будуць рэалізаваныя ў Беларусі – гэта ёсць гістарычная непазбежнасць і экзыстэнцыяльная наканаванасць у лёсе Беларускай Нацыі”.

Дарэчы, заўтра ў Вярхоўным судзе разглядаюць справу аб ліквідацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Сёння Вярхоўны суд ліквідуе Партыю БНФ, заўтра -- АГП

ИсточникНВ-онлайн