
У Вашынгтоне не бачаць якіх-небудзь прыкмет пагрозы ядзернай вайны з-за магчымага размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі.
Пра гэта ў інтэрв’ю тэлеканалу CNN заявіў прадстаўнік Савета нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі. Яго словы прыводзіць «Інтэрфакс».
«Мы не бачылі нічога, што прымусіла б нас змяніць нашу пазіцыю стрымлівання, калі гаворка ідзе аб такога кшталту верагоднасці», — падкрэсліў Кірбі.
Разам з тым, прадстаўнік Савета нацбяспекі назваў заявы аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі «яшчэ адным прыкладам неразумнай і безадказнай рыторыкі», да якой ЗША «павінны паставіцца сур’ёзна».
Многія эксперты заўважаюць, што «ядзерны сюрпрыз» Расія анансуе акурат пад правядзенне ў Вільнюсе саміта НАТА. Ён адбудзецца 11-12 ліпеня, а пастаўкі тактычнай ядзернай зброі ў Беларусь Уладзімір Пуцін анансаваў на «пасля 7-8 ліпеня». Такім чынам, нельга выключаць, што тэма ядзернай зброі на беларускай тэрыторыі ўзнікла як перамоўная пазіцыя Расіі ў стасунках з Захадам. І гэтым можна патлумачыць стрыманую пазіцыю ЗША.