“Золата” беларускіх неўролагаў

Фота з адкрытых крыніц.

Неўралагічнае аддзяленне № 3 для пацыентаў з вострым парушэннем мазагавога кровазвароту Бальніцы “хуткай дапамогі” Мінска першым у Беларусі атрымала так званы залаты статус Еўрапейскай арганізацыі па барацьбе з інсультам.

І гэта азначае, што дапамога хворым з інсультам у аддзяленні арганізавана па міжнародных стандартах і адпавядае лепшым сусветным практыкам. Праца ацэньваецца на аснове асаблівай сістэмы паказчыкаў якасці, распрацаваных Еўрапейскай арганізацыяй па барацьбе з інсультам (ESO).

Як распавяла газеце “Медыцынскі веснік” загадчыца аддзялення Іна Гіль, крытэрыі, па якіх ішоў адбор, уключаюць шырокі спектр паказчыкаў. Падрабязная інфармацыя на працягу 2022 года падавалася ў ESO па кожным выпісаным са стацыянара пацыенце. Улічваліся пол, узрост, прычына хваробы, метады лячэння, колькі чалавек патрапіла ў аддзяленне на працягу так званага тэрапеўтычнага акна, своечасовасць аказання медыцынскай дапамогі. Вялікае значэнне меў час “ад дзвярэй да іголкі” (з моманту паступлення ў стацыянар да пачатку лячэння ў ідэале павінна прайсці менш за 60 хвілін), а таксама своечасовасць выканання камп’ютарнай тамаграфіі.

Упершыню заяўка на ўдзел у праграме павышэння якасці аказання дапамогі хворым з інсультам па праекце QASC Europe была пададзена дактарамі і медыцынскімі сёстрамі аддзялення ў 2017 годзе. Гэта дало магчымасць прымаць удзел у адукацыйных праектах, выкарыстоўваць на практыцы адпаведную сучасным еўрапейскім стандартам інфармацыю пра тое, як лячыць і даглядаць пацыентаў з інсультам.

Дарэчы, “залаты статус” ESO — гэта толькі адзін з трох узроўняў. Наперадзе яшчэ два — плацінавы і брыльянтавы.

Да ведама

Узнагароды Еўрапейскай арганізацыі па барацьбе з інсультам сумесна з грамадскай ініцыятывай “Анёлы” (ESOAngels) прысуджаюцца за дасягненне значных вынікаў у аказанні медыцынскай дапамогі пацыентам з вострым інсультам. Для атрымання такой узнагароды неабходна не толькі аказваць дапамогу ў адпаведнасці з еўрапейскімі крытэрыямі, але і рэгістраваць вынікі працы ў Еўрапейскім рэгістры якасці дапамогі пацыентам з інсультам.

Неўралагічнае аддзяленне № 3 разлічана на 70 ложкаў, з іх 6 — у палаце інтэнсіўнай тэрапіі для цяжкіх хворых. Яно з‘яўляецца самым буйным у сталіцы па аб’ёме аказання дапамогі пацыентам з вострым парушэннем мазгавога кровазвароту.

Вольга СТРУЖЫНСКАЯ.