“Знічу” загадана знікнуць?

Фота з адкрытых крыніц.

У Беларусі розных тэатраў – лічыць – не пералічыць, на любы ўзрост і густ. Толькі драматычных – каля двух дзясяткаў, а ёсць жа яшчэ і лялечныя, і музычнай камедыі, і оперы і балета. Сярод гэтай тэатральнай рознагалосіцы самы ўнікальны, бо існуе ў адзінкавым выглядзе, – Тэатр аднаго акцёра “Зніч”. Заснаваны ў самым пачатку шматспадзеўных 1990-х таленавітай і энергічнай акцёркай Галінай Дзягілевай (зразумела, пры спрыянні Міністэрства культуры і Белдзяржфілармоніі), ён існуе ўжо трыццаць з гакам гадоў і да нядаўняга часу радаваў публіку сваімі монаспектаклямі – гэта значыць, спектаклямі, дзе цягам усёй дзеі на сцэне толькі адзін акцёр.

Часам “Зніч” называлі паэтычным тэатрам – ён папулярызаваў беларускую паэтычную класіку. Асновай спектакляў рабілася паэзія Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Ларысы Геніюш, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Анатоля Вярцінскага, Яўгеніі Янішчыц, Ніны Мацяш…

Ужо адны назвы пастановак гучалі як запрашэнне ў чароўны свет паэзіі: “Вяртанне ў рай”, “Маленькі анёлак”,“У краіне светлай, дзе я ўміраю”, “Адзінокі птах”, “Прыпадаю да нябёс”, “Мой маленькі прынц”, “Красёнцы жыцця”, “Мне сняцца сны аб Беларусі”, “Віленскія мроі”, “Не праклінай, што я люблю”, “Пачакай, сонца!”, “Пяюць начлежнікі”,  “Ціха на небе, зямлі і на сэрцы”…

Монаспектакль не патрабуе грувасткіх дэкарацый, рэквізіт там таксама сціплы, таму “Зніч” часта рабіў выязныя спектаклі – у школах, у раённых Дамах культуры і бібліятэках. Тэатр Галіны Дзягілевай (яна была незаменным дырэктарам і рэжысёрам-пастаноўшчыкам) ведалі ў Віцебску і Лепелі, Пінску, і Навагрудку, Белаазёрску і Салігорску, Любані і Зэльве…

Скажам, некалькі разоў яны паказвала ў зэльвенскім Доме культуры спектакль “Белы сон” – па творчасці Ларысы Геніюш. Зэльвенцы да гэтай пары ўспамінаюць той спектакль як неардынарную падзею. Калі акцёрка ў лагернай ватоўцы з нумарам на спіне 0-287 падыходзіла да краю сцэны і праніклівым голасам пачынала чытаць: “Крывёй напоўніліся поймы рэк, / бурліць адчаем слёз людскіх разводдзе. / Гляджу на свет, я – лагернік, я – зэк, / засуджаны на мукаў чвэрцьстагоддзя”, зала літаральна замірала, гледачы нібы сапраўды бачылі перад сабой паэтку-зямлячку, якая і ў ГУЛагу не скарылася ворагам Беларусі.

“Зніч” годна прадстаўляў Беларусь на замежных тэатральных фестывалях у Познані, Кіеве, Маскве, Пярмі, Сімферопалі (да захопу Крыма Расіяй), неаднаразова прывозіў адтуль узнагароды.

Калегі Галіны Дзягілевай (перад сыходам у “аўтаномнае плаванне” яна сямнаццаць гадоў аддала Коласаўскаму тэатру) дзівіліся яе невычэрпнай энергіі і нежаночай вынослівасці. Яна часам сапраўды працавала за трох, як, напрыклад, у спектаклі па маленькіх трагедыях А. Пушкіна – была і Донам Гуанам, і Донай Ганнай, і Каменным Госцем!

І вось – “Зніч” пад пагрозай закрыцця. А ўся справа ў тым, што асноўная яго сцэна была ў гэтак званай дольнай зале Чырвонага Касцёла. Храм, як вядома, стаіць зачынены, богаслужэнні там не адбываюцца. Уласнік будынка – дзяржустанова “Мінская спадчына” – вырашыў, што касцёл апынуўся ў аварыйным стане і патрабуе рамонту. “Спадчыннікі”, відаць, забыліся, што ўсяго некалькі гадоў таму яны той рамонт у храме ўжо зрабілі. Але – і пень на сваім гародзе роўны ваяводзе. Захацелі і павесілі замок на дзверы. Разам з ксяндзом-пробашчам Уладзіславам Завальнюком, разам з усёй шматлікай парафіяй на вуліцы апынуўся і “Зніч”. Вернікі трохі пасмуткавалі і разышліся па іншых касцёлах. А куды падзецца беспрытульнаму тэатру?

Скарыстаўшыся касцельнай сітуацыяй і пенсійнным узростам Галіны Дзягілевай, кіраўніцтва Белдзяржфілармоніі тут жа яе звольніла. Замест таго каб падшукаць другое прыдатнае памяшканне. Відаць, вырашылі такім чынам паэканоміць. Хоць якая там эканомія на тэатры аднаго акцёра! Смеху вартая – паўгрош без капейкі.

У тэатральным асяроддзі даўно ходзяць чуткі, што міністр культуры Анатоль Маркевіч скоса паглядае на дзе-якія тэатры, асабліва перыферыйныя. У абласных упраўленнях культуры сталі пагаворваць пра “аптымізацыю” тэатральнай сферы. І вось першым “аптымізавалі” “Зніч” – тэатр, паўтаруся, адзінкавы ў сваім родзе.

Можна толькі паспачуваць сталічнай тэатральнай публіцы – Купалаўскі ўжо трэці год не можа ачомацца пасля разгону, Тэатр юнага гледача (раней цалкам беларускамоўны) імкліва русіфікуецца і камерцыялізуецца, з Опернага адзін за адным па палітычных матывах звальняюцца салісты і дырыжоры. Цяпер загадана знікнуць “Знічу” – відаць, паказваў не тое, што вымагае надзённая “політычная сытуацыя”, як гаварыў незабыўны Мікіта Зносак.

Думаючы пра “Зніч”-тэатр, я ўспамінаю радкі Зніча-паэта, які з-за муроў Жыровіцкага манастыра далёка бачыць і чуйна адчувае наша беларускае жыццё: “Чаму начамі сэрца баліць? / Ці не таму, што дом наш патрушчаны. / Няма дзе галавы прытуліць / ні Госпаду, ні беларушчыне”. Як пра Чырвоны касцёл і беларускі тэатр пры ім сказана.

Антон ЗАГОРСКІ.