«Змены накіраваныя на закрыццё палітычных партый напярэдадні выбараў»

Фото носит иллюстративный характер.

Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) зрабіў спецыяльную заяву з нагоды законапраекта  аб палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях, які ўчора быў прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях.

“Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) лічыць, што змены ў закон “Аб палітычных партыях” (далей — Закон) істотна пагаршаюць умовы працы палітычных арганізацый, — гаворыцца ў заяве. — Прапанаваныя змены ў Закон не з’яўляюцца прагрэсіўнымі і мы лічым, што яны накіраваныя на закрыццё палітычных партый напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2024 года.

Бар’еры ў выглядзе павелічэння колькасці заснавальнікаў з 1 тысячы чалавек да 5 тысяч (у 5 разоў!); патрабаванне мець арганізацыйныя структуры ў ⅓ раёнаў кожнай вобласці; ⅓ зарэгістраваных раённых арганізацый у сталіцы, а таксама мець усе зарэгістраваныя абласныя (Мінскую гарадскую) арганізацыі; прадаставіць поўны спіс членаў партыі у дзяржаўныя органы — накіраваныя, на нашую думку, на скасаванне існуючай партыйнай сістэмы, якая грунтуецца на плюралізме палітычных ідэалогій.

Грамадзяне і грамадзянкі Рэспублікі Беларусь, у выпадку прыняцця зменаў у Закон, па нашаму меркаванню, будуць пазбаўленыя магчымасці законна выказваць адрозную ад улады пазіцыю праз палітычныя аб’яднанні, як гэта гарантавана Канстытуцыяй».

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) заклікала стварыць грамадскую камісію з ліку прадстаўнікоў выканаўчай улады, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і прадстаўнікоў палітычных партый для распрацоўкі зменаў у закон, які б даваў магчымасці выкарыстоўваць палітычныя партыі для барацьбы за ўладу законнымі спосабамі.