
За апошнія дваццаць гадоў Мінск заўважна разросся. На карце горада з’явіліся дзясяткі новых вуліц, чые назвы лашчаць слых і лагодзяць вока прахожых. Так прыемна чытаць на шыльдах імёны выдатных беларусаў, якія – кожны ў сваёй галіне – праславілі сваю Бацькаўшчыну, пакінулі значны след (не наслядзілі!) у яе гісторыі і культуры. Дзяржаўны дзеяч Леў Сапега, мастак Напалеон Орда, кампазітар Станіслаў Манюшка, гісторык Усевалад Ігнатоўскі, мовазнавец Сцяпан Некрашэвіч, географ Аркадзь Смоліч, кінарэжысёры Міхаіл Пташук і Віктар Тураў, пісьменнікі Янка Лучына, Алесь Гарун, Янка Брыль…
Едзеш па новазбудаваным раёне і нібы трапляеш у нейкі другі Мінск, не той, у цэнтры якога як перажытак мінулага – цэлы камуністычны запаведнік, дзе стаяць помнікі савецкім правадырам, дзе на вулічных шыльдах імёны дзеячаў, якія не толькі не маюць значных заслуг перад Беларуссю, а, наадварот, змагаліся за тое, каб гэтай самай Беларусі на свеце не існавала.
Скажам, ёсць у беларускай сталіцы вуліца імя Вільгельма Кнорына – сакратара бальшавіцкай партыі, які быў прысланы з Масквы разбірацца з “белорусским вопросом”. Ён прыехаў, пакруціўся паміж Мінскам і Смаленскам і заявіў у 1918 годзе: “Мы считаем, что белорусы не являются нацией, и что те этнографические особенности, которые их отделяют от остальных русских, должны быть изжиты”.
Вось так – фанабэрысты партдзеяч не прызнаваў беларусаў як нацыю и добра-таки прыклаўся да “изжития этнографических особенностей” (высылак, рэпрэсій і расстрэлаў), а яму – імянную вуліцу! Ні ў Латвіі, дзе ён нарадзіўся, ні ў Маскве, дзе яго ўрэшце расстралялі (свае ж), даўно ніякіх вуліц Кнорына няма, а ў Беларусі, якую ён ва ўпор не бачыў і лічыў “северо-западной окраиной” Расіі, – ёсць! Мінскія ўлады нібы гавораць: вы нас, Вільгельм Георгіевіч, не прызнавалі і мардавалі, а мы вас усё адно шануем. Проста мазахізм нейкі. І падобных кнорыных на сталічнай карце – хоць гаць гаці і па галовах хадзі.
У той жа час у Мінску да гэтай пары няма вуліцы Васіля Быкава. Пісьменніка сапраўды народнага – не толькі сваім афіцыйным званнем, але ўсім духам і кожнай літарай сваіх твораў. У Мінску ён жыў і менавіта тут вызначыў для сябе апошняе – на векі вечныя – прыстанішча.

Дваццаць гадоў хутка, як няма з намі Быкава. І амаль дваццаць гадоў улада перабывае ў дзіўным роздуме: варты славуты пісьменнік вуліцы ў сталіцы, ці не варты. Нібы і варты, і грамадскія пажаданні на гэты конт неаднаразова выказваліся, але прыняць адпаведнае рашэнне Мінгарсавету ўсё нешта перашкаджае. Не раўнуючы, як таму танцору з вядомай прыказкі…
Імёны ворага Беларусі Кнорына ды ягоных хаўруснікаў на вулічных шыльдах Мінгарсавету і Мінгарвыканкаму не замінаюць, а імя вялікага беларуса Быкава будзе замінаць? Чым Быкаў ім такі страшны, чаго яны яго так паказальна баяцца?
Гарадскія дэпутаты і чыноўнікі пераважна людзі мясцовыя, і ў свае кабінеты не на парашутах з Марса прызямліліся. Відаць, сёе-тое быкаўскае ў школе чыталі, кіно глядзелі. Вядома, і ў школьнай праграме, і на тэлеэкране Быкаў зусім не страшны – дзе трэба падкарочаны, дзе трэба адцэнзураваны.
У сучаснага палахлівага чыноўніцтва Быкаў выклікае боязь не сваімі знакамітымі ваеннымі аповесцямі, а мірнымі прыпавесцямі. Пісьменнік пісаў іх у апошнія гады жыцця, шмат хто тады круціў носам, маўляў, класік спісаўся, дарэшты палітызаваўся, стаў казачкі папісваць.
А “казачкі” тыя аказаліся праўдай. Страшнай праўдай пра наш час. Быкаў быў не толькі выдатным мастаком слова, але і празорцам. Усё, што з намі адбываецца сёння, ён апісаў трыццаць гадоў таму.
Пачытайце прыпавесць “Абязбожаны люд” – там сказана ўсё пра сённяшнюю праваслаўную царкву, пра яе далёкую ад Хрыстовых запаведзяў згодніцкую, прыўладна-падпявальніцкую ролю.
Пачытайце прыпавесць “Хутаранцы” – хіба ў апісаным там хутары не пазнаецца тая дэмакратычна настроеная Беларусь, якая ў 2020 годзе спрабавала абараніцца ад нашэсця цёмнай д’ябальскай сілы бел-чырвона-белым хрысціянскім сцягам?
Пачытайце прыпавесць “Насарогі ідуць” – быкаўскае прадбачанне вайны ва Украіне.
Пачытайце прыпавесць “Страх” – пра люд, застрашаны да бяспамяцтва карыкатурнай уладай…
Вось такога Быкава ва ўладных кабінетах па-ранейшаму пабойваюцца. Страх (рознага паходжання) запаўзае за пазухі дэпутатам і чыноўнікам і паралізуе іх волю. І яны са слуг народа парабіліся слугамі страху. Гэта ж відавочна.
Бо калі б старшыні тых жа Мінгарсавета і Мінгарвыканкама Васіль Панасюк і Уладзімір Кухараў пачуваліся слугамі народа, то напэўна пацікавіліся б народным волевыяўленнем. Скажам, пайшлі б удвух на вуліцу Кнорына і папыталіся ў людзей, на якой вуліцы – Кнорына ці Быкава – вы хочаце жыць? Або паехалі б з падобным пытаннем на праспект Дзяржынскага. Ці зладзілі б аналагічны рэферэндум на вуліцы Мяснікова.
Я ўпэўнены – ва ўсіх трох выпадках перамог бы Васіль Быкаў. Прычым лёгка. Жыхары тых вуліц яшчэ і на новыя шыльдачкі скінуліся б.
Дарэчы, у падмінскіх Ждановічах так і сталася. Вуліца Васіля Быкава там даўно з’явілася. Без лішняга розгаласу. Паглядзіш на размешчаныя там катэджы і міжволі па-добраму пазайздросціш – жывуць жа людзі.
З розгаласам ці без, позна ці рана з’явіцца вуліца Быкава і ў Мінску. Не вечна ж яго начальнікам жыць са страхам за пазухай.
Міхась СКОБЛА.