
У Іўеўскім раёне ў пітны калодзеж упаў мужчына, яго выратавалі работнікі МНС, паведамляе Гродзенскае абласное упраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.
Паведамленне пра здарэнне паступіла ратавальнікам 20 мая ў 22.02. У вёсцы Вікшняны Іўеўскага раёна мужчына зваліўся ў калодзеж. Мясцовая жыхарка, якая ехала міма на ровары і пачула стогны, знайшла ў калодзежы мужчыну. Яна выклікала ратавальнікаў.
Работнікі МНС, якія прыбылі на месца выкліку, устанавілі, што глыбіня калодзежа складае каля 6 м і на паверхні вады знаходзіўся мужчына. Па лесвіцы-штурмоўцы адзін з ратавальнікаў спусціўся, абвязаў вяроўкай пацярпелага і мужчыну з падстрахоўкай выцягнулі з калодзежа.
Пацярпелага 1964 года нараджэння даставілі ў бальніцу, яго стан ацэньваецца як сярэдняй ступені цяжкасці.
Абставіны здарэння высвятляюцца.