Юлія Раскіна

Беларусь яна была вымушана пакінуць і цяпер здабывае перамогі для іншых краін

Напрыканцы мінулага года да нашых аматараў спорта даляцела адначасова і прыемная, і крыху сумная навіна. Стала вядома, што Нямецкі алімпійскі спартыўны саюз у намінацыі “Найлепшы трэнер 2022 года” адзначыў адразу двух чалавек — трэнера па бабслеі Рэнэ Шпіса і беларускага трэнера па мастацкай гімнастыцы Юлію Раскіну, якая трэніруе зборную Германіі. Было радасна, што нашу зямлячку так высока цэняць у свеце, а сумна, што сёння Юлія здабывае перамогі не для Беларусі, а для Германіі.

Трэба сказаць, што Юлія Раскіна — даволі вядомая гімнастка. Сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў 2000 года (на Гульнях-2000 Раскіна саступіла толькі расіянцы Аліне Кабаевай), чэмпіёнка і прызёрка чэмпіянатаў свету і чэмпіянатаў Еўропы.

Пасля заканчэння кар’еры Юлія ездзіла на паказальныя выступленні, працавала трэнерам у Італіі, Японіі і Францыі. Паспрабавала свае сілы нават у знакамітым “Cirque du Soleil”. Праз нейкі час усё-такі вярнулася ў Беларусь і працягнула кар’еру артысткі ў Беларускім дзяржаўным цырку.

Зараз Юлія Раскіна трэніруе зборную Германіі, і на апошнім чэмпіянаце свету яе вучаніца Дар’я Варфаламеева заваявала для нямецкай каманды адразу пяць медалёў. “Золата” Варфаламееевай на першынстве свету па мастацкай гімнастыцы стала для зборнай Германіі першым за 47 гадоў у гэтым відзе спорта, таму не дзіўна, што вучаніцу Раскінай зараз называюць “нямецкай жамчужынай”.

Трэба адзначыць таксама, што ў 2020 годзе Юлія Раскіна праявіла грамадзянскую пазіцыю і падпісала адкрыты ліст беларускіх спартсменаў у падтрымку дэмакратыі, выступіла супраць фальсіфікацый падчас галасавання на прэзідэнцкіх выбарах і гвалту, які распачалі сілавікі па загаду ўлад.

Хто ведае, магчыма, сёння Раскіна магла б працаваць на карысць беларускага спорта, укладваючы свой талент і веды ў развіццё перспектыўных гімнастак, але пытанне ў іншым: ці патрэбен сённяшнім уладам такі трэнер з такой грамадзянскай пазіцыяй? Наўрад ці. І гэта наша бяда, што зараз у краіне ў большай пашане некаторыя “адданыя партыйнай лініі” малапрафесійныя трэнеры, чым сапраўдныя прафесіяналы, якім у Беларусі не месца.

Хіба знакаміты трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Мікалай Казека, чые вучні з усіх Алімпіяд прывозілі дадому медалі, не здолеў бы яшчэ папрацаваць на карысць нацыянальнай каманды? Не, у зборнай яму месца не знайшлося. Не даравалі Мікалаю Іванавічу яго публічныя выказванні з нагоды таго, што адбывалася падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. А ён жа меў рацыю і, як сумленны чалавек, адстойваў справядлівасць.

Тое самае можна сказаць і пра яшчэ аднаго вядомага трэнера фрыстайлістаў Дзмітрыя Дашчынскага, які таксама ў 2020 годзе выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю, а сёння працуе трэнерам зборнай Аўстраліі па фрыстайле.

Не вяртаецца дадому і яшчэ адна вядомая беларуская гімнастка Меліціна Станюта, якая вымушана працаваць за мяжой, бо вяртацца дадому не толькі не мае сэнсу (працу тут яна дакладна не знойдзе), але і небяспечна.

Хіба не маглі б гэтыя і многія іншыя прафесіяналы сваёй справы расціць сваіх зорак і атрымліваць прызы за перамогі вучняў? Маглі, але яны, як аказалася, спартыўным чыноўнікам і тым, хто знаходзіцца наверсе ўладнай піраміды, не патрэбны. За гэта адначасова і сорамна, і трывожна, бо мы бачым, як дэградуе апошнім часам беларускі спорт.

Таму застаецца толькі сачыць і радавацца іх поспехам за мяжой. Бо для сапраўдных балельшчыкаў яны заўсёды былі і застануцца “нашымі”.

Алесь СІВЫ.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.