
“У Мінску затрыманы каталіцкі семінарыст” – навіны з такімі загалоўкамі з’явіліся на гэтым тыдні.
У тэлеграм-канале, блізкім да беларускіх сілавікоў было апублікавана і відэа з Уладзіславам Беладзедам, дзе ён кажа, што ў камэнтарах заклікаў да гвалту, міжнацыянальнай варожасці і нават забойству супрацоўнікаў сілавых структур і іх сем’яў. Наколькі вядома, мужчыну пакаралі адміністрацыйным арыштам. Прынамсі, пакуль…
У сувязі з тым, што адбылося, курыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі выступіла з афіцыйным паведамленнем.
“У сувязі з затрыманнем спадара Уладзіслава Беладзеда, Курыя Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі паведамляе наступнае:
— спадар Уладзіслаў Беладзед пасля адлічэння з Вышэйшай духоўнай семінарыі ў лютым 2020 года не з’яўляецца семінарыстам;
— працаўладкаваны ў архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Мінску на пасадзе выкладчыка катэхезы;
— у сувязі з распаўсюджанай інфармацыяй у сродках масавай камунікацыі, Курыя Мінска-Магілеўскай архідыяцэзіі распачала кананічнае раследванне».