Домой Экономика

За тыдзень 28 мінчан сталі ахвярамі фальшывых інтэрнет-крамаў

Ілюстрацыйнае фота.

За тыдзень у сталічную міліцыю паступіла 28 заяў ад мінчан, якія сталі ахвярамі падману ў Instagram. Усе пацярпелыя планавалі набыць тавары ці замовіць паслугі анлайн.

З гэтай мэтай яны ў Instagram выбіралі крамы, старонкі якіх выклікалі давер мноствам падпісчыкаў і станоўчых водгукаў. Пра гэта паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама.

Заяўнікі ўносілі перадаплату або цалкам аплачвалі абраны тавар ці паслугу, пасля чаго прадстаўнікі крамы пераставалі выходзіць на сувязь. У многіх выпадках старонка псеўда-крамы пасля аплаты была выдаленая. У некаторых выпадках людзі гублялі свае грошы, пераходзячы па спасылцы, якую ім дасылалі аферысты нібыта для аплаты дастаўкі тавару.

Жыхарка Заводскага раёна сталіцы, напрыклад, убачыла ў Instagram рэкламу аб продажы мэблі коштам ніжэйшым за рынкавы. Ахвяра аферыстаў унесла 100% аплату тавару ў суме больш за 600 рублёў. Мінчанцы нават даслалі дагавор аб пастаўцы мэблі на працягу месяца, які аказаўся фальшывым.

Міліцыя нагадвае пра неабходнасць быць пільнымі пры набыцці тавару або аплаты паслугі анлайн. І папярэджвае, што не павінны ўводзіць у зман шматлікія падпісчыкі і свежыя сторыз інтэрнэт-крам, у якіх «водгукі» лёгка падрабляюцца. Не варта пагаджацца на падазроныя онлайн-прапановы аб куплі тавараў па занадта нізкіх коштах, а таксама пераходзіць па спасылках, якія дасылаюць незнаёмцы, нават для аплаты паслуг дастаўкі.

Exit mobile version