
Старшыня Беларускай федэрацыі футбола пакрытыкаваў клуб “Макслайн”, а кіраўнік клуба зрабіў крок у адказ.
Нагадаем, што ў кастрычніку 2021 года рэчыцкая каманда “Макслайн” заваявала права выступаць у Першай лізе чэмпіяната Беларусі па футболе.
Па выніках сезона-2022 клуб заняў 4-е месца ў турнірнай табліцы і адправіўся ў стыкавыя матчы на павышэнне. Па выніку гэтых гульняў “Макслайн” атрымаў пуцёўку ў Вышэйшую лігу, але Беларуская федэрацыя футбола адмовіла клубу ў ліцэнзаванні для ўдзелу ў элітным дывізіёне. Пасля гэтага кіраўніцтва футбольнага клуба падало апеляцыю на рашэнне федэрацыі, але вынік застаўся тым жа – “Макслайн” у вышэйшую лігу не пусцілі.
Напачатку гэтага года савет заснавальнікаў і спонсараў клуба вырашыў, што каманда працягне выступленне ў Першай лізе, а днямі стала вядома, што “Макслайн” змяніў прапіску, пераехаўшы з Рагачова ў Віцебск. Аказалася, што стадыён у Рагачове не прыдатны для правядзення матчаў на ўзроўні Вышэйшай і Першай лігі.
“Падчас міжсезоння мы доўга перапісваліся і вырашалі пытанні з “Макслайнам, – выказаўся з нагоды гэтай сітуацыі кіраўнік Беларускай федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў. – Зараз яны наогул прапіску змяняюць… Хацелася б, каб было паменш такіх каманд.
Самае галоўнае – усе нашы каманды павінны быць скіраваны на дапамогу нашым дзіцяча-юнацкім школам алімпійскага рэзерву. Хлопцаў там рыхтуюць. У кожнай вобласці ёсць аддзяленне па футболе. Мы хацелі б, каб кожны клуб звяртаў на іх увагу”.
Дырэктар “Макслайна” Андрэй Іваненка не прапусціў міма вушэй выказванне Базанава наконт таго, што “паменш бы такіх каманд” і выказаўся ў адказ.
“Калі б зараз вырашылі пакінуць у Вышэйшай лізе дзяржынскі “Арсенал”, “Макслайн” не пакрыўдзіўся б, – заявіў А.Іваненка. – Усё астатняе – без каментарыяў з нашага боку. Але абсалютна дакладна зробім запыт на падставе кодэкса паводзін і этыкі адносна карэктнасці выказвання старшыні Беларускай федэрацыі футбола ў дачыненні да нашага клуба”.
Пакуль яшчэ невядома рэакцыя на запыт кіраўніцтва “Макслайна”, а вось балельшчыкі на форумах на выказванне Уладзіміра Базанава ўжо адрэагавалі:
“За такія словы кіраўніка федэрацыі футбола трэба адхіляць ад спартыўнай дзейнасці пажыццёва”;
“З якога гэта часу старшыня федэрацыі можа рабіць такія заявы?;
“Такія заявы магчымы ў цывілізаваным свеце? Уявіце сабе, каб нехта ў такім ключы выказваўся, скажам, пра “Монцу”, “Брайтан”, “Кадзіс” ці “Уніян Берлін”?
“Вось гэта я разумею – папулярызацыя і развіццё беларускага футбола!..”