“За год так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджана Каця…”

Фота з адкрытых крыніц.

Муж зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай распавёў “Народнай Волі” пра апошнія навіны ад жонкі.

Нагадаем, Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай былі затрыманы 15 лістапада 2020 года. Яе асудзілі на два гады зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.

Кацярына павінна была выйсці на волю 5 верасня 2022 года, аднак 7 красавіка сям’і журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачванне. Жорсткае. 13 ліпеня 2022 года Гомельскі абласны суд прысудзіў Кацярыне 8 гадоў і 3 месяцы калоніі за «здраду дзяржаве».

Адбывае пакаранне Кацярына ў Гомельскай калоніі.

– Апошнім часам сувязь з Кацяй, дзякуй Богу, нармальная, – распавядае Ігар Ільяш, муж журналісткі. – І лісты даходзяць, і адваката прапускаюць, і тэлефануе дадому з калоніі.

Таксама на мінулым тыдні я без праблем адвез жонцы вялікую харчовую перадачу на 50 кілаграм. Такая дазваляецца раз на тры месяцы.

— Перадаеце традыцыйны набор ці жонка нешта просіць адмыслова?

— Часам штосьці просіць, але ў асноўным я фармірую перадачу на свой густ. Каўбаса, мяса, рыба, шакалад і цукеркі, пячэнне… І ўсяго гэтага даволі шмат, бо 50 кілаграм – гэта 6-7 вялікіх сумак.

Праўда, апошнім разам Каця папрасіла разнастаіць набор прадуктаў, даслаць ёй тое, што яшчэ не спрабавала.

Але трэба адзначыць, што нярэдка сябры перадаюць ёй (у тым ліку, і з замежжа) нейкія прысмакі – цукеркі, шакалад. І гэта таксама заўсёды вельмі прыемна і важна для жонкі.

— А кнігі можна дасылаць?

— Нельга, але Каця заўсёды адзначае, што ў калоніі вельмі добрая бібліятэка. Там неблагі выбар кніг, ёсць што пачытаць.

— Як яе здароўе?

— Быццам бы, не скардзіцца. Вясной у яе быў востры алергічны перыяд, але зараз ужо ўсё нармальна.

— 13 ліпеня споўніцца год, як Кацярыне быў вынесены другі прысуд…

— Магу канстатаваць, што за гэты час мы так і не даведаліся, за што канкрэтна была асуджана Каця, і за што ёй далі такі вялізны тэрмін зняволення.

ИсточникСяргей ЗАБЛОЦКІ.
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".