Вярхоўны суд разгледзіць апеляцыю па “справе Аўтуховіча”

Мікалай Аўтуховіч. Фота з адкрытых крыніц.

31 сакавіка ў Вярхоўным судзе Беларусі павінен адбыцца разгляд апеляцыйнай скаргі па так званай “справе Аўтуховіча”.

Справу будзе разглядаць былы старшыня Мінскага гарадскога суда, прызначаны ў Вярхоўны суд толькі ў 2021 годзе Павел Каршуновіч.

Нагадаем, што “справа Аўтуховіча” – адна з самых гучных крымінальных спраў паслявыбарных часоў. Яе фігуранты ўнесены ў так званы “тэрарыстычны спіс КДБ”.

Па першай інстанцыі суд Гродзенскай вобласці прызнаў Мікалая Аўтуховіча вінаватым па дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса, уключаючы тэрарызм, здраду Радзіме і падрыхтоўку да захопу ўлады і так далей.

Ён быў асуджаны да 25 гадоў у калоніі строгага рэжыму. Яшчэ дзесяць чалавек, якія праходзілі па той жа справе, атрымалі тэрміны ад 2,5 да 20 гадоў пазбаўлення волі.