Вярхоўны лідар Ірана загадаў памілаваць дзясяткі тысяч арыштаваных падчас антыўрадавых пратэстаў

Фота з адкрытых крыніц.

Вярхоўны лідар Ірана Аятала Алі Хаменеі распарадзіўся памілаваць дзясяткі тысяч зняволеных, у тым ліку частку арыштаваных падчас антыўрадавых пратэстаў, паведамляе дзяржаўнае агенцтва IRNA.

Хаменеі абвясціў, што памілаваныя будуць тыя, каму не выстаўленыя абвінавачванні ў шпіянажы, працы на замежныя спецслужбы, а таксама забойствах і пашкоджаннях дзяржмаёмасці. Агенцтва падкрэсліла, што вызваленне зняволеных прымеркавана да гадавіны ісламскай рэвалюцыі.

Таксама зняволеным, якія маюць права на памілаванне, загадалі напісаць «пакаянныя» лісты, у адваротным выпадку іх пакінуць пад вартай.

Пратэсты ў Іране пачаліся ў верасні, пасля смерці ў паліцэйскім участку 22-гадовай Махсы Аміні. Яе затрымалі за «няправільнае» нашэнне хіджаба (у яе з-пад хусткі былі бачныя валасы).

У выніку пратэстаў загінулі некалькі соцень чалавек.

Як бачым, імкнучыся нармалізаваць сітуацыю, нават у Іране не ладзяць палявання на пратэстоўцаў.

Нагадаем, што раней амністыю для ўдзельнікаў пратэстаў правялі ў Казахстане. Хаця там таксама былі і ахвяры, і спаленая ды пашкоджаная  маёмасць.

І толькі ў Беларусі ўжо трэці год няспынна ідуць арышты і суды не толькі за ўдзел у паслявыбарных акцыях, але за каментары, “лайкі” і рэпосты ў інтэрнэце. Вось толькі дзеля чаго? Дзеля помсты ці дзеля адзінства нацыі?

Аліна ГЛІНСКАЯ.