
З 25 мая па 8 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі прадставіць жыхарам расійскіх гарадоў – Ёшкар-Алы, Казані, Уфы, Чалябінска, Цюмені – балетныя спектаклі, якія заўсёды збіраюць аншлагі ў Мінску. Гэта балеты «Лебядзінае возера» і «Ганна Карэніна». У гастрольны тур адпраўвіліся больш за 60 чалавек.
Пачнуцца гастролі 25 мая – на сцэне Марыйскага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Э.Сапаева будзе гучаць музыка П. Чайкоўскага – беларускі балет пакажа пастаноўку «Ганна Карэніна».
Гэты ж балет будзе паказаны на сцэне Татарскага акадэмічнага дзяржаўнага тэатра оперы і балета імя Мусы Джаліля 26 і 27 мая – у рамках ХХХVI Міжнароднага фестывалю класічнага балета ім. Р. Нурыева ў Казані.
Далей спектакль «Ганна Карэніна» ўбачаць у Башкірскім дзяржаўным тэатры оперы і балета ва Уфе – 30 і 31 мая.
З 2 па 6 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі ўпершыню выступіць на сцэне Чалябінскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя М.І. Глінкі. У рамках XIV Міжнароднага фестывалю балета у гонар Кацярыны Максімавай будуць паказаны балеты “Лебядзінае возера” і “Ганна Карэніна”.
Завершацца гастролі 8 чэрвеня ў Цюменскай філармоніі паказам балета “Ганна Карэніна”.