
Прэм’ера новай беларускай оперы — няхай нават у канцэртным выкананні — вялікая падзея ў культурным жыцці краіны.
Тым больш калі ў аснове музычнага твора ляжыць філасофская паэма Уладзіміра Караткевіча «Ладдзя роспачы».
Але аўтар новай оперы — вядомы беларускі кампазітар Сяргей БЕЛЬЦЮКОЎ не першы раз звяртаецца да творчасці класіка. У яго загашніку — вакальны твор паводле апавяданняў Караткевіча «Вандроўкі». Яго некалькі год таму выканаў ансамбль «Класік-авангард». А таксама опера-фэнтэзі паводле апавядання «Лятучы галандзец» (яна пакуль, на жаль, не дайшла да гледача). На працоўным стале зараз ляжыць аповесць «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Праца над творам у самым разгары — гэта задзел на будучыню.
А 31 студзеня на сцэне Белдзяржфілармоніі будзе выканана опера «Ладдзя роспачы». Рыгор Барадулін, якому аўтар прысвяціў гэту аповесць, называў яе ўзнёслай сагай. Яна расказвае пра жыццё беларускага шляхціца Гервасія Вылівахі, які не баяўся ні Бога, ні Смерці. А калі сустрэўся са Смерцю тварам да твару, здолеў перамагчы яе і не страціць шляхецкай і, галоўнае, чалавечай годнасці.

Ці трэба казаць, што білеты на канцэрт даўно раскуплены — усе да адзінага…
Напярэдадні мы задалі некалькі пытанняў Сяргею Пятровічу Бельцюкову, хаця, магчыма, гэта і не самая лепшая прыкмета перад прэм’ерай. Але вельмі ўжо вялікія нашы глядацкія чаканні!

— Сяргей, што вы адчуваеце зараз, за некалькі гадзін да прэм’еры, калі па вялікім рахунку ўжо нічога нельга змяніць?
— Уявіце, я спакойны. Пакуль што ўсё ідзе так, як я задумваў яшчэ на ранняй стадыі працы над операй. Хаця на самой прэм’еры, вядома, можа адбыцца ўсё што заўгодна. Але я спадзяюся на драйв.
— Канцэрт ідзе пад рубрыкай «Сусветная прэм’ера». Мяне заўсёды гэта крыху бянтэжыла. Мінск — не Нью-Йорк, не горад з сусветным музычным імем.
— Сусветная, таму што твор выконваецца ўпершыню. І якая розніца, дзе гучыць новая музыка? У мяне ў Нью-Ёрку таксама сусветная прэм’ера была. У 2010 годзе на фестывалі сучаснай музыкі «Festival of the new repablik» была выканана новая рэдакцыя майго «Канцэрта для 4-х салістаў». Дарэчы, па замове арганізатараў фестывалю.
— А хто вас падштурхнуў канкрэтна на «Ладдзю роспачы»?
— Аднойчы мне ў рукі трапіла паэма Леаніда Дранько-Майсюка «Рагачоўскі рыцар» – паводле аповесці Караткевіча «Ладдзя роспачы». Гэта было год таму. І я быў літаральна ёю ўзрушаны. Я адразу пачуў оперу ва ўсёй паўнаце. І вось які вынік…
— А ў будучыні яе можна перанесці на оперную сцэну Вялікага тэатра? Музычнага матэрыялу хапае?
— Так, у мяне напісана паўнавартасная опера на паўнавартаснае лібрэта Дранько-Майсюка.
У філармоніі 31 студзеня адбудзецца толькі канцэртная версія твора.
— Я не адкрыю сакрэт, калі скажу, што ў Вялікім тэатры вельмі чакаюць новую беларускую музыку – і мастацкі кіраўнік Валянцін Елізар’еў не раз казаў пра гэта, і галоўны рэжысёр Ганна Маторная. Чакаюць і сумуюць…
— Я буду думаць у гэтым накірунку. Але трэба дачакацца прэм’еры.
Дарэчы, салісты — спевакі Вялікага тэатра Таццяна Траццяк і Віктар Мендзелеў. Так што, фактычна, опера ўжо развучана. Засталася праца рэжысёра-пастаноўшчыка.
— Скажыце, а што асабіста вас падкупляе ў творчасці Уладзіміра Караткевіча?
— Глыбіня і непрадказальнасць. Шчырае свабодалюбства і радасць жыцця вялікага рамантыка.
Алена МАЛОЧКА