Учора быў вынесены прысуд былому варатару зборнай Беларусі па футболе – 2 гады “хатняй хіміі”.

Кар’ера Васіля Хамутоўскага складвалася па-рознаму, але сабой футбаліст можа быць задаволены. Двухразовы чэмпіён Румыніі ў складзе бухарэсцкага клуба “Сцяуа”, выступаў за нямецкія каманды “Карл Цэйс” і “Аугсбург”. Пагуляў у украінскім і беларускім чэмпіянатах. У 2000–2008 гадах быў у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі, уваходзіць у Клуб беларускіх варатароў, якія на найвышэйшым узроўні не прапускалі галы ў 100 і больш матчах.

Пасля заканчэння спартыўнай кар’еры Васіль перайшоў на трэнерскую працу. У 2016 годзе Хамутоўскі стаў трэнерам варатароў у “Крумкачах”, працаваў таксама ў трэнерскіх штабах адэскага “Чарнаморца”, барысаўскага БАТЭ і брэсцкага “Дынама”.

У 2020 годзе Васіль Хамутоўскі адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю і выступіў супраць гвалту ў краіне. Улады замест таго, каб прызнаць фальсіфікацыю падчас падліку галасоў на прэзідэнцкіх выбарах, учынілі самы сапраўдны тэрор.

“Я сам сын міліцыянера, – распавядаў два гады таму знакаміты галкіпер. – І, дзякуй Богу, мае бацькі ўжо на пенсіі, бо не ведаю, як бы яны зараз адчувалі сябе ў гэтай сістэме. Бацька па стане здароўя пакінуў службу ў званні маёра. Напэўна, зараз у бацькоў галава б закруцілася ад таго, што адбываецца.

У дзяцінстве я ганарыўся, што мой бацька – міліцыянер, што ён служыць закону і абараняе людзей. Я хацеў быць на яго падобным, і, калі б не заняўся футболам, марыў пра службу ў міліцыі. Нават калі ўжо гуляў за “Сцяуа”, даведваўся, ці ёсць магчымасць паступіць у Акадэмію МУС. Гэта была блакітная мара.

Але пасля таго, што я ўбачыў у жніўні 2020 года, мне стала цікава: ці захочуць дзеці супрацоўнікаў міліцыі працягваць справу сваіх бацькоў?”

Грамадзянскую пазіцыю Хамутоўскага “высока ацанілі” ў брэсцкім “Дынама” – яму было прапанавана пакінуць каманду “па пагадненні бакоў”. Што ж, дэмакратыя па-беларуску.

Апошнім часам Васіль жыў і працаваў за мяжой – уваходзіў у трэнерскі штаб украінскага “Львова”, дзе галоўным трэнерам быў таксама беларускі трэнер Алег Дулуб. 1 красавіка гэтага года Хамутоўскі стаў трэнерам варатароў у акадэміі клуба “Сцяуа”. Ці ж мог ён сабе ўявіць, што яго чакае наперадзе?

Васіля Хамутоўскага затрымалі 30 верасня, калі ён вярнуўся ў Мінск з Украіны. Па некаторай інфармацыі, прыехаў, каб дома прааперыраваць калена.

“Некаторыя адгаворвалі Васіля прыязджаць у Беларусь, бо многія з тых, хто з’ехаў за мяжу, а затым вярнуўся, траплялі пад пераслед за ўдзел у падзеях 2020 года, – распавёў “Народнай Волі” добры знаёмы спартсмена. – Вася, як мне падаецца, усё разумеў, але ўсё роўна казаў так: “Мне няма чаго баяцца, бо я нічога крымінальнага не здзяйсняў”. Ён быў упэўнены, што ніякага крыміналу за ім няма. Але бачым, чым усё закончылася…”

Былога варатара зборнай Беларусі прызналі вінаватым па артыкуле 342 КК Беларусі (“Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”). Не можам сказаць, ці звернецца Васіль Хамутоўскі з апеляцыяй, але на сённяшні дзень ён асуджаны.

Ігар СТАСЕВІЧ.

Публікацыя з № 104 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.