
Выконваючы абавязкі кіраўніка Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў распавёў “Народнай Волі”, што 5 чэрвеня прадстаўнікі апазіцыйных партый зробяць сумесную заяву.
Нагадаем, што ў Беларусі заканчваецца падача дакументаў на перарэгістрацыю палітычных партый. Хтосьці з тых арганізацый, якія лічаць сябе апазіцыйнымі, падаваў дакументы, нехта не бачыць у гэтым сэнсу…
— Мы не падавалі дакументы на перарэгістрацыю, — кажа Вадзім Саранчукоў, які два гады таму з’ехаў з Беларусі за мяжу. – Які ў гэтым сэнс? Я ўжо неяк казаў, што нармальнай працы ў партыйных арганізацыях не магло быць ужо досыць даўна. Тым больш зараз. Любая актыўнасць у Беларусі не толькі не вітаецца, а губіцца на самым корані. Самыя, здаецца, законныя праявы такой актыўнасці трапляюць пад рэпрэсіі.
Таму зараз для нас галоўнае – бяспека тых актывістаў партыі, якія знаходзяцца ў Беларусі. Ні пра якую падачу спісаў сябраў партыі размова нават не ідзе.
Дарэчы, 5 чэрвеня ў Вільнюсе адбудзецца прэс-канферэнцыя, падчас якой прадстаўнікі беларускіх пакуль што зарэгістраваных апазіцыйных партый зробяць сумесную заяву з нагоды перарэгістрацыі партый.
— Партыя БНФ будзе ліквідавана?
— Ад нас тут нічога не залежыць, бо зараз адбываецца зачыстка палітычнага поля. І няма ніякіх прагнозаў, што нават пасля падачы дакументаў на перарэгістрацыю, застануцца хоць нейкія дэмакратычныя партыі. На гэты конт ілюзій няма.
— Але, напрыклад, партыя Сяргея Калякіна і “Зялёныя” ўсё-такі падалі дакументы на перарэгістрацыю…
— Агульная ацэнка сітуацыі аднолькавая і ў нашай партыі, і ў тых жа “Зялёных” ці партыі “Справядлівы свет”. Але кожны сам абірае лінію паводзін. І я не маю ні маральнага, ні этычнага права крытыкаваць ці ўхваляць ініцыятывы тых ці іншых арганізацый. Яны вырашылі падаць дакументы на перарэгістрацыю? Гэта іх права. А ў нас свая пазіцыя.