Мікола Чарняўскі.
Мікола Чарняўскі.

16 студзеня вядомаму пісьменніку споўнілася 80 гадоў
Шкада мне сённяшніх паэтаў-пачаткоўцаў. Куды ім падацца з першымі
вершамі? Быў часопіс “Першацвет”, ды камусьці стаў замінаць, і яго ціхенька
пахавалі. Была маладзёвая газета “Чырвоная змена” з моцным
літаб’яднаннем пры ёй – не стала ні газеты, ні літаб’яднання. Выходзіла пры
часопісе “Маладосць” бібліятэчка – стартавая пляцоўка для маладых творцаў,
але ў незалежнай Беларусі і на ёй вырашылі зэканоміць…

Шмат пра што ў сучаснай Беларусі можна сказаць “быў”, “была”.
Газетнай калонкі не хопіць, каб усё пералічыць. Прычым знікае найперш усё
беларускае, гэта відавочна.

З другога боку, ёсць усеахопны інтэрнэт, з якім
падлеткі сябруюць ледзь не з немаўлячага ўзросту. Публікуй там што хочаш і
колькі хочаш. Так, інтэрнэт – гэта свабода і раздолле. Але пачаткоўцу не
раздолле трэба, а падказка, парада, падтрымка дасведчанага настаўніка.
Такім настаўнікам для сотняў юных талентаў доўгі час быў Мікола
Чарняўскі. Праз яго клапатлівыя рукі ў часопісе “Бярозка” за дваццаць гадоў
прайшло безліч юных паэтаў. У тым ліку і аўтар гэтых радкоў. Нас,
пачаткоўцаў, у часопісе называлі падбярозавікамі. І гэта было прыемна. Не
баравікі пакуль, але і падбярозавікі – грыбы харошыя.

Мікола Чарняўскі з кожным “падбярозавікам” ліставаўся. Пісьмы былі
на рэдакцыйным бланку, але пісаныя ад рукі і зусім не казённыя. Наадварот,
яны праменіліся дабрынёй і спагадай. І не было ў іх ні грама ніякага
ментарства. Атрымліваў тыя пасланні дабрыні і я, і да гэтай пары захоўваю іх
як памяць пра шматспадзеўнае юнацтва. Думаецца, падобных лістоў Мікалай
Мікалаевіч напісаў тысячы. У наш рашуча неэпісталярны час гэта камусьці
здасца марнатраўствам, маўляў, лепш сваё пісаў бы. Але ў тых лістах якраз і
была завочная паэтычная школа, якой так не хапае сённяшнім пачаткоўцам.

Я не ведаю другога беларускага пісьменніка, які столькі ўласнага часу
траціў бы на маладыя парасткі. Як дбайны садавод Мікола Чарняўскі
ўзрошчваў свой паэтычны сад і радаваўся, калі ён даваў першыя плады –
дэбютныя кніжкі гадаванцаў.

А колькі юных талентаў адкрыта ім у літсуполцы “Купалінка”, якая
апекавалася падлеткамі Міншчыны, у радыёперадачы “Першыя сцяжынкі”,
якая выходзіла ў эфір гадоў трыццаць! Правадное радыё тады было
падведзена пад кожную хату, у кожную кватэру і часам не змаўкала з раніцы
да вечара. Удзельнікаў перадачы чула ўся Беларусь! І праваднога радыё з
нядаўняга часу не стала, анямелі старыя дынамікі ў малалюдных вясковых
хатах…

Мікола Чарняўскі працягваў цікавіцца сваімі гадаванцамі і пазней, калі
яны з першых сцяжынак узбіваліся на сваю дарогу. У гэтай сувязі хачу
расказаць пра адзін выпадак. 1986 год. Я, учарашні першакурснік філфака
БДУ, служу ў войску. Сцюдзёная снежная зіма ў прыкарпацкім гарыстым
лесе, куды наша дэсантна-штурмавая брыгада кінутая, як нам здавалася, на
выжыванне. Мароз пад дваццаць градусаў, мы спім проста на снезе ля
вогнішчаў, нацягнуўшы на бушлаты камбінезоны хімабароны. З аднаго боку
прыпякае, з другога – замярзаем. Даядаем сухпайкі, кухня і пошта ў горы не
даязджаюць.

І раптам радасная погаласка разносіцца па лагеры – з верталёта скінулі
пошту. “Хто ад маці, хто ад жонкі, кожны вестку атрымаў…” І мне з маёй
старонкі прыляцела пісьмо – падазрона таўставатае. Разрываю канверт, а там
– кніжка “Камар на матацыкле” з надпісам: “Дарагому Мішу Скоблу – на
добрую ўсмешку, на добры настрой. Няхай усё будзе, як у людзей… Ад
шчырага сэрца – Мікола Чарняўскі. 10.ХІІ.1986”.

Як жа мне тады пацяплела на душы! Здавалася, і мароз адступіўся, і
калючы вецер палагаднеў. Грэўся я сам родным беларускім словам, грэў і
сваіх саслужыўцаў-украінцаў. Чыталі мы таго “Камара…” ўслых пры
вогнішчы да глыбокай ночы. І потым ён служыў са мною да самай
мабілізацыі, той вясёлы цывільны “Камар…”. Ён і сёння не згубіўся на маіх
перанаселеных кніжных паліцах.

Не пералічваю другіх кніг, што выйшлі з-пад пяра Міколы Чарняўскага,
– іх шмат. Відаць, кожная камусьці ў рукі трапіла таксама своечасова.
Магчыма, нехта засынаў з аповесцю “Бегунок пачынае думаць” пад
падушкай. Хтосьці з дзіцячага садка ўпадабаў “Сонца ў хованкі гуляе”.
Некаму казачнымі сузор’ямі асвяцілі маленства “Зоркі-зорачкі”. Кагосьці да
рогату смяшыў гумарыстычна-сатырычны “Лёкса ў люксе”.
Не цытую твораў Міколы Чарняўскага, бо гэта амаль немагчыма. Як
можна працытаваць вершаваную казку? Казкі ўвогуле ўпарта не цытуюцца,
яны просяцца быць прачытанымі з пачатку да канца. Не цытуюцца і вершы-
жарты, вершы-показкі, іх трэба прачытаць цалкам. Вышчыкні з іх пару
радкоў, і прападзе ўвесь цымус.

Не называю ўсіх узнагарод, атрыманых Міколам Чарняўскім, – іх
таксама нямала. Ведаю, што Мікалай Мікалаевіч ганарыцца медалём

Францішка Скарыны. Думаю, што і Скарыну прыемна мець такога лаўрэата –
адданага роднай мове, роднай літаратуры, роднай зямлі. Чароўнага казачніка,
беларускага ад макаўкі да пят паэта і выдатнага настаўніка, чые літаратурныя
і чалавечыя ўрокі і праз дзясяткі гадоў з удзячнасцю памятаюць шматлікія
вучні.
Міхась СКОБЛА.