У вашай партыі няма магчымасці прайсці перарэгістрацыю. А ці ёсць жаданне аб’яднацца з іншымі?

Фото из открытых источников.

Выконваючы абавязкі старшыні Аб’яднанай градзянскай партыі Уладзімір Шанцаў пару тыдняў таму заявіў, што ў іх партыі няма магчымасці выканаць усе патрабаванні закона для плануемай перарэгістрацыі. А таму “давядзецца ліквідаваць арганізацыю, бо не зможам выканаць тыя новыя ўмовы, якія будуць рэгламентаваць дзейнасць партый. Напрыклад, зараз у АГП каля 3500 членаў партыі, а ў будучым мінімальны колькасны парог  для стварэння партыі – 5 тысяч чалавек.

Я – рэаліст, а таму дакладна кажу: у сённяшніх умовах такую колькасць сяброў партыі мы не збяром і перарэгістрацыю не пройдзем. У такім выпадку які выхад? Толькі адзін – ліквідацыя”.

Прыкладна такія заявы прагучалі і з вуснаў лідараў некаторых іншых партый апазіцыйнай скіраванасці.

Дык што, у Беларусі застануцца толькі праўладныя партыі?

“Народная Воля” патэлефанавала шэрагу вядомых асоб і папрасіла паразважаць вось пад такім вуглом:

 У вашай партыі няма магчымасці прайсці перарэгістрацыю. А ці ёсць жаданне аб’яднацца з іншымі?

Сяргей КАЛЯКІН, старшыня Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”:

“Як можна аб’яднаць камуністаў і лібералаў? Гэта з вобласці фантастыкі!”

– Да перарэгістрацыі яшчэ каля паўгода, таму рыхтаваць дакументы абавязкова будзем. 4 сакавіка мы праводзім пасяджэнне вышэйшага кіруючага органа, дзе абмяркуем пытанне працы партыі ва ўмовах, калі змяніўся закон “Аб партыях”.

Пяць тысяч членаў партыі назбіраецца?

– Я хачу сказаць, што мы ніколі не паказвалі ўладам усіх членаў нашай партыі, таму гэтае пытанне адкрытае. Не так даўно прынялі ў арганізацыю некалькі чалавек, хутка яшчэ збіраемся прымаць. Зробім зварот да людзей з улікам новых умоў дзейнасці палітычных партый. І калі людзям партыя патрэбна, то яны хутка могуць вырашыць колькаснае пытанне. Калі не патрэбна – няхай будзе так.

Таму пакуль уся гульня ідзе на стале. Але мы не адмаўляемся ад перарэгістрацыі і рыхтуемся да яе. Падыдзе час бліжэй – паглядзім на свае магчымасці. Праз некалькі месяцаў будзем разумець, на якім свеце знаходзімся.

Адно магу сказаць – партыі пастаўлены ў вельмі складанае становішча. Нават не ў плане колькасці членаў партыі, а ў неабходнасці мець свае структуры ва ўсіх рэгіёнах краіны. Мы гэтым таксама займаемся, хаця пра вынік казаць яшчэ рана.

Магчыма, у такой сітуацыі апазіцыйным партыям варта было б аб’яднаць свае сілы?

– Не магу ўявіць, як гэта можна зрабіць, бо ў кожнай партыі свае ідэалагічныя прынцыпы. Не выключана, што аб’яднацца могуць блізкія партыі, але як аб’яднаць камуністаў і лібералаў? Гэта з вобласці фантастыкі!

Хаця, безумоўна, не выключаю, што людзі з адной партыі, якая не можа прайсці перарэгістрацыю, могуць пераходзіць у іншую. Іншая справа, што сябры партыі – гэта ж не прыгонныя, якіх па загадзе партыйнага кіраўніцтва можна ў адзін момант перадаць у іншую партыйную структуру. Найперш павінна быць жаданне самога чалавека перайсці ў іншую партыю. Гэта працэс, якім трэба займацца.

Дык чаму партыі, якія праз паўгода могуць знікнуць, гэтым не займаюцца?

– Пакуль для гэтага ёсць час, бо і насамрэч вельмі і вельмі рэальны варыянт, што ў краіне застануцца толькі праўладныя партыі.

У такім выпадку патрэбна будзе займацца новым партыйным будаўніцтвам, спрабаваць стварыць нейкую новую партыю, калі гэтыя не ўдасца адстаяць. Але, паўтаруся, гэтым трэба займацца. Хаця цудоўна разумею, што працаваць у такіх умовах няпроста, бо новы закон “Аб партыях” – ён забараняльны для структур, якія лічацца апазіцыйнымі.

Але, як мне падаецца, і гэтае пытанне можна вырашыць, калі людзям патрэбна новая партыя, і яны будуць гатовы ахвяраваць і сваім часам, і сваімі рэсурсамі. Тады ўсё магчыма. А калі гэта нікому не патрэбна, тады пра што размова?

Людзі павінны разумець: калі застануцца толькі праўладныя партыі, то ніякіх альтэрнатыўных праграм і кандыдатаў на выбарах не будзе. У народа не будзе ніякай палітычнай альтэрнатывы. Калі народ такая сітуацыя задавальняе – тады ўсё зразумела.

Калі ваша партыя не пройдзе перарэгістрацыю, будзеце ліквідаваць арганізацыю?

– Справа ліквідацыі партыі – гэта справа ўлады. Мы самі ліквідавацца не збіраемся, гэта я вам дакладна кажу. Гэтую працу мы пакінем для ўлады, у іх ёсць механізмы ліквідацыі партыйных структур. А мы ў выпадку, калі нас ліквідуюць, будзем думаць пра тое, як далей будаваць палітычную дзейнасць для тых людзей, якія захочуць гэтым займацца.

 

Ігар БАРЫСАЎ, старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада):

“Няма сэнсу аб’ядноўвацца…”

– Думаю, няма сэнсу дэмакратычным палітычным партыям аб’ядноўвацца. Законы не працуюць, даверу да выбарчай сістэмы няма, рэпрэсіі працягваюцца. Мяркую, што прынята канчатковае палітычнае рашэнне на зачыстку апазіцыйных структур напярэдадні выбараў у 2024 годзе.

Нават, калі наша арганізацыя ці іншыя партыі пададуць спісы на 5 тысяч сяброў, то ў цяперашніх умовах – гэта фактычна “расстрэльны спіс” актывістаў для ўлады, бо ўсе яны – іншадумцы, з якімі ўлада змагаецца. Маючы такі спіс на руках, можна не шукаць новых ворагаў, а проста працаваць па гэтым спісе.

У краіне застануцца толькі праўладныя партыі?

– Я сказаў бы: застацца павінна адна праўладная партыя. У цяперашніх умовах сэнсу ад усіх астатніх няма ніякага, бо ў чым іх разнастайнасць? У конкурсе на большую лаяльнасць? Пры такім раскладзе падаецца рэалістычным стварэнне новай палітычнай партыі на базе “Белай Русі”.

Калі ўсё ж-такі застанецца яшчэ 2–3 праўладныя партыі, то яны ніякай самастойнай ролі выконваць не будуць. Існуючая палітычная сістэма не дазваляе палітычнай канкурэнцыі.

Вяртанне да фактычна аднапартыйнай сістэмы – гэта не што іншае, як вяртанне да той зразумелай камуністычнай практыкі, якая была ў БССР. Але з адной асаблівасцю – малаверагодна, што партыя здолее стаць кузняй кадраў, бо кадры зараз адбіраюцца зусім па іншым крытэрыі. На адборы кадраў трымаецца цяперашняя ўлада.

 

Сяргей ЧЭРАЧАНЬ, старшыня партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”:

“Не варта змагацца з ветракамі…”

– Пакуль мы падрыхтавалі некалькі магчымых варыянтаў, як выканаць патрабанні, якія будуць выстаўлены Міністэрствам юстыцыі і прапісаны ў новым законе “Аб палітычных партыях”.

Калі разважаць тэарэтычна, то, аб’яднаўшы намаганні з сяброўскімі нам структурамі, можна набраць 5 тысяч членаў партыі. Мы ўжо правялі шэраг сустрэч з гэтай нагоды. Праблема ў іншым. Па новым заканадаўстве ў партыйнай структуры павінны быць 43 арганізацыі ва ўсіх абласцях і раёнах Беларусі. Утрыманне партыйных офісаў па ўсёй краіне – гэта дастаткова моцная фінансавая нагрузка.

У прынцыпе, мы разумеем, што прайсці перарэгістрацыю нам не дадуць, бо, напэўна, ёсць агульнапалітычнае рашэнне па палітычных структурах, якія павінны застацца ў Беларусі.

Таму мы пакуль думаем, ці патрэбна нам накіроўваць высілкі на збор дакументаў, якія адпавядалі б новым патрабаванням, калі не будзе рашэння аб магчымасці далейшай працы. Мы зараз знаходзімся ў рэжыме чакання, каб зразумець, што ў далейшым будзе з палітычнымі партыямі ў краіне. На сённяшні момант у нас няма разумення, што калі мы нават выканаем усе патрабаванні, якія ёсць у новым законе, нам дадуць магчымасць перарэгістравацца.

– Вы сказалі, што можаце набраць пяць тысяч членаў партыі, калі аб’яднаеце намаганні з сяброўскімі структурамі. Што гэта за структуры?

– Маю на ўвазе тыя арганізацыі незалежных прафсаюзаў, якія ўжо пазбавіліся афіцыйнага статуса і рэгістрацыі. Але ж застаўся актыў, які, магчыма, у далейшым захоча працаваць на карысць краіны ў партыйных структурах.

Мы правялі шэраг сустрэч, ёсць кансенсус па сітуацыі. Калі нам дадуць працаваць, то ёсць сэнс аб’ядноўваць намаганні. Калі не дадуць, то які тады сэнс змяняць партыйную структуру, прыкладваць шмат намаганняў, падымаць на ногі людзей, якія за некалькі месяцаў павінны правесці вялікую работу? Не бачу асаблівага сэнсу.

Дарэчы, у нас ёсць яшчэ адна афіцыйна зарэгістраваная структура – Рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне “Дыпламатыя”, якое я ўзначаліў у 2017 годзе. Калі партыя не пройдзе перарэгістрацыю, то, магчыма, працягнем працу на базе гэтага грамадскага аб’яднання.

А няма жадання аб’яднацца з іншымі апазіцыйнымі партыямі, каб разам пераадольваць праблемы?

– Ёсць жаданне і партыйную структуру захаваць, і працаваць на карысць Беларусі легальна ў межах закона. Але калі няма палітычнага рашэння, каб мы афіцыйна працавалі пасля аб’яднання, то навошта загадзя падманваць людзей і даваць ім нейкую надзею?

Мы глыбока інтэграваны ва ўсе палітычныя і грамадскія працэсы, якія адбывацца ў краіне. І можам ацаніць шанцы на тое, што нам дазволяць дзейнічаць легальна. Дык вось на сёння, можна сказаць, што не дазволяць.

Таму будзем чакаць. Можа быць, што-небудзь у бліжэйшы час і зменіцца ў лепшы бок, прымуць станоўчыя рашэнні для развіцця грамадскага і палітычнага жыцця ў Беларусі. Але, паўтаруся, на гэты момант такіх рашэнняў няма. Таму і не варта спрабаваць змагацца з ветракамі, калі ад гэтага не будзе ніякага толку. Лепш накіраваць свае сілы на рэальныя рэчы, якія ў будучым дадуць вынік. Таму не выключаю, што працягнем працу на базе “Дыпламатыі”.

 

Дзмітрый КУЧУК, старшыня Беларускай партыі “Зялёныя”:

“Аб’яднанне складанае ў юрыдычным плане…”

– Мне падаецца, што рашэнне па перарэгістрацыі партый – палітычнае. Шчыра кажучы, на гэты момант наша арганізацыя не адпавядае новым нормам закона “Аб партыях”, бо ў нас не хапае рэгіянальных структур. У любым выпадку мы будзем падаваць дакументы на перарэгістрацыю, але без персанальных звестак пра нашых актывістаў. На мой погляд, Міністэрства юстыцыі не можа запрошваць спецыяльныя персанальныя звесткі людзей. Мы не станем падстаўляць нашых актывістаў, каб яны нейкім чынам патрапілі пад рэпрэсіі.

У вашай партыі набярэцца пяць тысяч сяброў?

– Такой колькасці няма, таму калі нехта з грамадскіх актывістаў захоча падтрымаць нашу арганізацыю, то мы гатовы прыняць іх у партыю.

У хуткім часе ваша арганізацыя можа знікнуць. Чаму б не аб’яднацца з іншымі апазіцыйнымі партыямі, каб разам вырашаць новыя выклікі? Як асабіста вы да гэтага ставіцеся?

– Мы пастаянна на сувязі з іншымі апазіцыйнымі партыямі, але аб’яднанне ў нейкую адну палітычную структуру складана будзе зрабіць ў юрыдычным плане. У такім выпадку патрэбна, каб сябры іншых партый пакінулі свае арганізацыі і ўступілі ў другую. Гэта дастаткова складаны працэс, які, лічу, практычна немагчыма ажыццявіць.

Што ў такім выпадку ваша партыя будзе рабіць, калі не пройдзе перарэгістрацыю?

– У такім выпадку афіцыйна працаваць ужо не зможам. Калі нейкая дэмакратычная структура захаваецца ў легальным полі, то можам далучыцца да яе ў якасці экалагічнай фракцыі. Хаця гэта вельмі далёкая перспектыва, якая наўрад ці таксама ажыццявіцца.

Для нас сёння важна захаваць людзей і дачакацца лепшых часоў. Акрамя таго, нашы еўрапейскія партнёры гатовы захаваць за намі рэгістрацыю, таму мы будзем ўсё роўна інтэграваны ў еўрапейскую экалагічную партыю.

А ў Беларусі, думаю, і насамрэч альтэрнатыўныя партыі могуць не прайсці перарэгістрацыю. І гэта дрэнна для палітычнага развіцця краіны. Калі ў людзей няма выбару, то ўлады могуць сутыкнуцца з цяжкасцямі падчас правядзення выбарчых кампаній.

 

Вадзім САРАНЧУКОЎ, выконваючы абавязкі Партыі БНФ:

“Кожная партыя мае сваю ідэалагічную глебу…”

– Усе рашэнні, якія прымаюцца намі, найперш грунтуюцца на тым, каб не падставіць членаў нашай арганізацыі. Гаворка ідзе пра тыя ўмовы, якія выстаўляюцца партыям па перарэгістрацыі.

Мне падаецца, што гэты закон не адпавядае нормам дэмакратыі, таму яго ацэнка намі ясная і зразумелая.

– Адным словам, на перарэгістрацыю вы падаваць дакументы не збіраецеся?

– Пакуль мы зарэгістраваная арганізацыя і працуем у прававым полі. У той жа час я не ўпаўнаважаны рабіць нейкія заявы пра нашы будучыя крокі. Адно магу сказаць дакладна: калегіяльнае рашэнне кіруючага органа партыі будзе базіравацца на прынцыпах бяспекі нашых людзей.

Калі кожная партыя паасобку не можа выканаць умовы перарэгістрацыі, то ці не лагічна было б аб’яднацца ў адну моцную палітычную структуру?

– Гэта мы нават не абмяркоўваем, бо кожная партыя мае сваю ідэалагічную глебу, свой статут і праграму. Мы, безумоўна, за тое, каб разам рэагаваць на тыя выклікі, якія ёсць перад усімі дэмакратычнымі партыямі, але зараз пытанне пра аб’яднанне ў адну арганізацыю не стаіць.

Алесь СВЯТЛАНІЧ.