
26-гадовы Аляксандр з Беларусі знік два дні таму і быў знойдзены павешаным на дрэве ў раёне Карона акругі Муанг на Пхукеце (Тайланд). Пра гэта паведаміла мясцовае выданне khaosodenglish.com.
Пра здарэнне паведаміў яго знаёмы. Спачатку сабака прынёс з лесу чаравік Аляксандра. Знаёмы пайшоў шукаць сябра і знайшоў цела ў лесе. Ён папрасіў мясцовых жыхароў выклікаць паліцыю.
Па яго словах, сябар пакутаваў ад дэпрэсіі. Яго шпіталізавалі ў лякарню Vachira Phuket на два тыдні і толькі 30 мая выпісалі. Перад знікненнем ён сказаў, што ў яго дыярэя, сказаў, што адпачне, але потым знік.
Паведамляецца, што пры першасным аглядзе цела траўм не знайшлі. Паліцыя спрабуе звязацца з беларускай амбасадай, каб дыпламаты паведамілі сям’і і дапамаглі забраць цела.