У Светлагорску аднаўляюць вытворчасць электродаў

Фота з адкрытых крыніц.

У базе дадзеных Дзяржаўнай службы занятасці з’явіліся вакансіі, якія сведчаць пра аднаўленне электроднай вытворчасці ў Светлагорску.

Па словах супрацоўніцы ТАА “Амета-Электрод” – новага ўласніка Светлагорскага завода зварачных электродаў,  “людзі ўжо ёсць”, але дата, калі прадпрыемства пачне працаваць пакуль невядомая.

– Так, намі абвешчаны вакансіі, – патлумачылі на прадпрыемстве журналістам мясцовай газеты “Ранак”. – Найперш, для тых, хто раней працаваў у нас. Неабходны людзі, якія змогуць наладзіць вытворчыя працэсы. На дадзены момант яны праходзяць медкамісію.

Наколькі вядома, запрашэнні вярнуцца на электродную вытворчасць атрымалі многія былыя спецыялісты і кіраўнікі сярэдняга звяна былога ТАА “Светлагорскі завод зварачных электродаў”.

Вытворчасць электродаў у Светлагорску была адкрыта ў 2005 годзе. Называлася прадпрыемства “Белая Русь”. У 2010 годзе на яго базе было створана ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» (СЗСЭ), у склад заснавальнікаў якога ўвайшло вінніцкае публічнае акцыянернае таварыства «Плазматэк». Украінскі акцыянер інвеставаў у прадпрыемства ў Светлагорску каля аднаго мільёна долараў, якія пайшлі на набыццё новай вытворчай лініі па выпуску электродаў.

У 2011 годзе прамысловая пляцоўка завода па выпуску электродаў была значна пашырана за кошт куплі суседняга прадпрыемства «Рагачоўгазбуд». У 2013-м ТАА «СЗСЭ» ўпершыню было прызнана лепшым прадпрыемствам-экспарцёрам Гомельскай вобласці. З 2014 года з’яўлялася рэзідэнтам СЭЗ «Гомель-Ратон». На працягу некалькіх гадоў завод называлі прыкладам паспяховага развіцця прыватнага прадпрыемства, дзе супрацоўнікам была гарантаваная стабільная праца і высокая зарплата.

Пачатак 2022 года ТАА «Светлагорскі завод зварачных электродаў» сустрэў як найбуйнейшы ў Беларусі і адзін з найбуйнейшых у СНД вытворцаў зварачных электродаў.  Але 24 лютага 2022 года Расійская Федэрацыя пачала “спецыяльную ваенную аперацыю” ва Украіне. І ўжо ў пачатку сакавіка 2022 года  з’явілася інфармацыя, што ўкраінскі менеджмент светлагорскага завода пакінуў Беларусь, а прадпрыемства працуе з перабоямі.

Неўзабаве работнікаў завода азнаёмілі з загадам “Аб прастоі”, які прадугледжваў выплаты рабочым заработнай платы ў памеры 2/3 тарыфу. А 23 сакавіка 2022 года на сайце СЗСЭ ад імя кіраўніцтва групы кампаній “Плазматэк” была апублікаваная заява аб тым, што дзейнасць “Светлагорскага завода зварачных электродаў” спынена. Адначасова на сайце “Плазматэк” з’явілася паведамленне аб спыненні дзейнасці кампаніі ў Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь.

У лістападзе мінулага года стала вядома, што маёмасць ТАА «СЗСЭ» будуць распрадаваць для пагашэння запазычанасці перад крэдыторамі. Толькі банку “Дабрабыт” светлагорскі завод быў вінен амаль 6,2 мільёна рублёў. А ў снежні 2022 года стала вядома, што беларускія ўлады вырашылі нацыяналізаваць прадпрыемства.

– Думаю, што ў наступным годзе завод пачне працаваць, калі планы па змене ўласніка рэалізуюцца, – сказаў тады старшыня Светлагорскага райвыканкама Дзмітрый Шабетнік.

ТАА «Амета-Электрод» – цалкам новая для Беларусі кампанія. Зарэгістравана Гомельскім аблвыканкамам 9 лютага 2023 года. Хто стаў новым уласнікам былога ўкраінскага актыву ў Светлагорску, на прадпрыемстве ўдакладніць адмовіліся. Па непацверджанай інфармацыі, гэта бізнесмены з Расійскай Федэрацыі. Па неафіцыйный інфармацыі новы ўласнік мае дачыненне да расійскага Магнітагорска. Дарэчы, ААТ “Магнітагорскі электродны завод» – адзін з найбуйнейшых расійскіх вытворцаў высакаякасных электродаў для ручной электрадугавой зваркі розных марак сталі.

Андрэй ЛІПСКІ.