
Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у сераду 22 лютага скасаваў свой жа ўказ ад 2012 года аб павазе да тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы. Гэты крок толькі пашырыў прагнозы пра тое, што Расія нешта задумала ў Малдове і можа нават пачаць вайну.
Эксперты адзначаюць, што адмена гэтага ўказу яшчэ не азначае пачатак вайны супраць Малдовы. Больш за тое, на сённяшні дзень зрабіць гэта арміі Пуціна надзвычай складана. Аднак дадзены факт усё ж сведчыць пра магчымую эскалацыю.
Напярэдадні прэм’ер-міністр Дорын Рэчан заявіў, што ў Расіі распрацаваны некалькі сцэнарыяў дэстабілізацыі Малдовы. “Яны складаюцца з некалькіх элементаў, уключаючы і тыя, якія раней агучваў прэзідэнт Зяленскі», – адзначыў кіраўнік урада Малдовы.
Вядома, што Уладзімір Зяленскі папярэджваў аб намерах Расіі справакаваць у Малдове дзяржаўны пераварот. Але рэалізацыя планаў ускладняецца адсутнасцю сухапутных межаў паміж краінамі. З прычыны гэтага перакідка ваеннага кантынгенту магчымая толькі праз захоп аэрапорта.
Дорын Рэчан заявіў пра гатоўнасць дзяржаўных органаў Малдовы супрацьстаяць пагрозе. Пры гэтым ён адзначыў, што для Малдовы ключавой мэтай з’яўляецца абарона і захаванне стабільнага становішча краіны. «Малдова лічыць мірныя крокі і дзеянні адзіна магчымым спосабам урэгулявання канфлікту ў Прыднястроўі. Галоўнае – гэта захаванне міру і бяспекі», – заявіў прэм’ер-міністр.
Як вядома, калі хочаш міру, то рыхтуйся да вайны. Падчас нядаўняга візіту ў Варшаву прэзідэнта ЗША Джо Байдэна з ім сустракалася і прэзідэнт Малдовы Майя Санду. Размова ішла пра гарантыі бяспекі.
У Расіі, праўда, заяўляюць, што калі будуць правакацыі ў Малдове, то толькі з падачы Украіны. Але ні кіраўніцтва Малдовы, ні эксперты такія заявы сур’ёзна не ўспрымаюць. Бо, як вядома, ў свой час у Расіі бажыліся, што іх няма ні ў Луганску, ні ў Данецку, ні ў Крыме. Знакамітае апраўданне “нас там нет” стала проста мемам.
Да таго ж, пасля скасавання ўказа аб прызнанні Расійскай Федэрацыяй тэрытарыяльнай цэласнасці Малдовы Уладзімір Пуцін паехаў на канцэрт у “Лужнікі”, дзе ў кароткай прамове агучыў тое, што эксперты называюць “канцэптам для апраўдання агрэсіі” супраць суседзяў. Як і перад пачаткам вайны ва Украіне, Пуцін гаварыў пра «гістарычныя межы Расіі». Больш за тое, у многіх гарадах РФ напярэдадні выступлення Пуціна з пасланнем Федэральнаму сходу можна было ўбачыць банеры з тэкстам, што ў «Расіі няма межаў».
Аналітыкі амерыканскага Інстытута вывучэння вайны не маюць сумненняў, што канцэпцыя «гістарычных межаў» можа быць выкарыстаная Пуціным для для апраўдання любой агрэсіі супраць суседняй краіны. І гэта тычыцца не толькі Малдовы, але і іншых краін, якія мяжуюць з РФ і калісьці ўваходзілі ў склад СССР.
Ірына МАЛЬЦАВА.