
Новая сістэма адпужвання дзікіх жывёл з’явіцца на польскай чыгунцы.
На чыгуначных шляхах паміж Бяла-Падляскай і Цярэспалем будзе чутна воўчае выццё. Не выключана, што яго могуць пачуць і жыхары памежных раёнаў Брэстчыны.
Справа ў тым, што на чыгуначным маршруце паміж Бяла-Падляскай і Цярэспалем устаноўлены спецыяльныя прылады, якія выпраменьваюць шум (напрыклад, выццё ваўкоў і крыкі крумкачоў). Дадзеная мера прынята для адпужвання іншых жывёл, каб тыя не патрапілі пад цягнік.
Як паведамляюць польскія СМІ, галоўная задача — прадухіліць сутыкненні цягнікоў з жывёламі і спыніць міграцыю, напрыклад, ласёў, аленяў, казуль, дзікоў або лісіц па чыгуначных шляхах падчас руху цягніка.
Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.