
Кіраўнік Галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінгарвыканкама Таццяна Астрэйка патлумачыла, што падатак рэгулюецца Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2022 года «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання».
Менавіта гэты закон унёс змены ў Падатковы кодэкс, згодна з якімі стаўкі на падаткі за валоданне сабакамі будуць павялічаныя да 55,5 рубля – за пароды, якія ўключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных. У іншых выпадках падатак складзе 11,1 рубля.
На гэты момант, паводле інфармацыі Міністэрства падаткаў і збораў, стаўкі на ўтрыманне сабак такія: 46,5 рубля (за пароды, уключаныя ў пералік патэнцыйна небяспечных) і 9,3 рубля (у іншых выпадках).
Пры гэтым органы мясцовай улады – Мінскі гарадскі савет дэпутатаў, мясцовыя саветы дэпутатаў базавага тэрытарыяльнага ўзроўню – маюць права памяншаць стаўкі падатку за валоданне сабакамі, хоць і не больш чым у 2 разы.
Падатак за валоданне сабакамі выплачваецца зыходзячы з колькасці сабак, зарэгістраваных на першы дзень каляндарнага квартала, і не залежыць ад таго, колькі дзён у квартале сабака знаходзілася ў гэтай кватэры.
Дарэчы, у шэрагу рэгіёнаў стаўкі падатку зніжаны для ўладальнікаў чыпаваных і стэрылізаваных сабак. Такая практыка ўжываецца ў дачыненні да ўладальнікаў сабак у Бабруйску, Магілёве, у Горацкім і іншых раёнах.
Адрозніваюцца па рэгіёнах і катэгорыі грамадзян, якія зусім вызваляюцца ад выплаты падатку за валоданне сабакамі.
У Мінску гэта:
– інваліды па зроку, для якіх утрыманне сабакі-павадыра з’яўляецца жыццёвай неабходнасцю;
– непрацуючыя пенсіянеры;
– інваліды I і II групы пры адсутнасці рэгістрацыі па месцы іх жыхарства працаздольных чальцоў сям’і — за аднаго сабаку;
– асобы, якія пражываюць у аднакватэрных, блакаваных жылых дамах, пры ўмове ўтрымання імі не больш за аднаго сабаку, у выпадку, калі сабака не выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці.
Ігар СТАСЕВІЧ.