У Мінску праходзяць займальныя майстар-класы

Фота з адкрытых крыніц.

Серыя майстар-класаў з удзелам вядомых майстроў народнай творчасці Беларусі праходзіць у Нацыянальнай бібліятэцы ў рамках выставачнага праекта «Фарфоравае асарці».

Тыдзень таму можна было задэкарыраваць талерку ці любы посуд у тэхніцы трафарэту. І стаць уладальнікам унікальнага экспаната. Прыйсці мог любы ахвочы, праход на майстар-клас — білет на выставу «Фарфоравае асарці». Адзіная ўмова — узяць з сабой прадмет для дэкору, паведамляе агенцтва «Минск-Новости».

Ведамі і вопытам дзялілася мастачка Наталля Керус. Яе працы можна ўбачыць на выставах і кірмашах аўтарскіх вырабаў «Млын», «Гарошак Маркет», «Сарафан».

Наступнай тэмай майстар-класаў, якія адбудуцца 6 і 13 красавіка, стане роспіс абярэгавых яек у тэхніцы пісанкі з майстрам народнай творчасці Ганнай Клімовіч. А 10-га і 17 красавіка Вольга Хачкоўская запрашае навучыцца роспісу яек воскам у тэхніцы пісанкі.