Гаўрыіл Вашчанка. Фота з адкрытых крыніц.
Гаўрыіл Вашчанка. Фота з адкрытых крыніц.

Заўтра, 19 студзеня, у Рэспубліканскай мастацкай галерэе “Палац мастацтва” адкрываецца выстава “Дынастыя”, прымеркаваная да 95-годдзя народнага мастака Беларусі Гаўрыіла Вашчанкі (1928-2014).

У экспазіцыі прастаўлены знакавыя работы знакамітага беларускага творцы не толькі з фондаў, але і з калекцыі сям’і мастака — мала або зусім невядомыя гледачу.

Побач з заснавальнікам мастацкай дынастыі свае работы прадстаўляюць яго сын Канстанцін Вашчанка і ўнучка Ангеліна Вашчанка.

Аднойчы ў Гаўрыіла Вашчанкі запыталі: “Якая праца ў вас самая любімая?” “Няма любімых, ёсць найбольш эмацыйна выпакутаваныя – тыя, што звязаны з маёй малой Радзімай, з маёй хатай, з маці”, – адказаў мастак. Гэтая думка, выказаная вядомым майстрам, чырвонай ніткай праходзіць праз выставу “Дынастыі”.

Сын Гаўрыіла Вашчанкі атрымаў прызнанне як мастак, фатограф і дызайнер.

Канстанцін Вашчанка з бацькам. Фота Яўгена Коктыша.
Канстанцін Вашчанка з бацькам. Фота Яўгена Коктыша.

“Тры дзесяцігоддзі Канстанцін Вашчанка паспяхова працуе ў галіне станковай, кніжнай і камп’ютарнай графікі, — распавядаюць http://artpalace.by пра мастака у Палацы мастацтваў. — Прафесійна займаецца фатаграфіяй, кніжнымі выданнямі, плакатамі, календарамі, распрацоўвае наватарскія арт-аб’екты для адкрытай і камернай прасторы. Многія яго ініцыятывы атрымалі шырокую вядомасць як у Беларусі, так і за мяжой. Адна з іх – пяцігадовая праца над дызайнам шматтомнай факсімільнай рэпрадукцыі “Кніжная спадчына Францыска Скарыны”, якая была адзначана на рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах “Мастацтва кнігі”. Апошняе дзесяцігоддзе было плённым для Канстанціна Вашчанкі ў галіне жывапісу. Цікавасць аўтара да жывапісу ўзнікла не без уплыву яго бацькі. Верагодна, што менавіта ад бацькі Канстанціну перадалася любоў да роднай зямлі, якая знайшла адлюстраванне ў яго жыцці і творчасці.

Ангеліна Вашчанка яшчэ вучыцца на кафедры графікі, але ўжо прымае ўдзел у выставах, ілюструе кнігі. Работы Ангеліны – працяг фантастычнага свету дзіцячых кніг і ўражанняў ад мастацкага свету карцін Гаўрыіла Вашчанкі, які абкружаў яе з нараджэння”.

Дарэчы, Яна Вашчанка, старэйшая дачка Канстанціна, скончыла Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў і паспяхова працуе ў сферы графічнага дызайну.

Выстава будзе працаваць да 12 лютага.