
У 2023 годзе 30 працэнтаў кватэр у Мінску прадаецца па даверанасці з-за мяжы.
Пра гэта распавёў намеснік начальніка аддзела кансалтынгу і аналітыкі агенцтва нерухомасці «Твая сталіца» Андрэй Чарнышоў.
– Па-ранейшаму павялічваецца колькасць здзелак па даверанасці. З імі агенты працавалі заўсёды, але ў 2019 годзе іх у агульнай масе было ўсяго 3–5%, у 2021–2022 яны выраслі да 10–15%. Цяпер іх доля складае 30%. Прадаюць як тыя, хто пераехаў нядаўна, так і суайчыннікі, якія жывуць у іншых краінах год ці некалькі гадоў.
Калі апісваць гэтыя аб’екты – гэта шматпакаёвыя кватэры ў добрых раёнах і з рамонтам. Аднапакаёўкі трапляюцца рэдка. Дамінантай усіх заявак на продаж з-за мяжы з’яўляецца Польшча, астатнія менш за 50% дзеляць Чэхія, Ізраіль, Літва, Эстонія і нават ЗША, – падзяліўся эксперт у інтэрв’ю realt.by.
ДАРЭЧЫ
У камісію па вяртанні паступіла 56 заяў
Па дадзеных на 1 красавіка гэтага года ў камісію па вяртанні беларусаў з-за мяжы, якую ўзначальвае генеральны пракурор Андрэй Швед, паступіла 56 заяў. Пра гэта паведаміў сам Швед.
Ён таксама анансаваў на бліжэйшы час пасяджэнне камісіі, якая будзе разглядаць першую частку зваротаў.
Нагадаем, што камісія па вяртанні запрацавала ў пачатку лютага 2023 года.