
Некаторыя гродненцы нават кажуць, што ў іх цяпер з’явіцца «расійскі квартал». Хаця, як паведамляе тэлеканал «Гродна-плюс», на самой справе тапанімічнай камісія сцвярджае, што вуліцы будуць названы ў гонар гарадоў-пабрацімаў.
Гэта вуліца Валагодская (і завулак Валагодскі) — у гонар расійскай Волагды, вуліца Габалінская (завулак Габалінскі) – у гонар азербайджанскага горада Габала, Калінінградская – у гонар Калінінграда, Ашкелонская – у гонар ізраільскага Ашкелона, вуліцы Ухцінская і Хімкінская – адпаведна, расійскіх Ухты і Хімак.
Дарэчы, дзеючы па гэтай логіцы, “расійскі квартал” у Гродна ёсць куды пашыраць. Гарадамі-пабрацімамі Гродна таксама з’яўляюцца Чабаксары, Южна-Сахалінск, Дзяржынск (пад Ніжнім Ноўгарадам), Туапсэ. Дарэчы, вуліца Туапсінская магла з’явіцца ў горадзе ўжо гэтым заходам. Першапачаткова ў вынесеным на абмеркванне праекце назваў такая фігуравала. У апошні момант расійскі Туапсе замянілі на ізраільскі Ашкелон. Знікла з прапанаваных назваў і вуліца Тамбоўская. Затое з’явілася вуліца Пабрацімская.
Дарэчы, у свой час дагаворы аб пабрацімскіх сувязях у Гродна былі падпісаны з польскімі Беластокам і Слупскам, літоўскімі — Друскінінкаем, Лаздзіяем, Алітусам, французскім Ліможам, нямецкім Міндэнам, сербскім Кралевам. Вуліцы Друскеніцкая, Ліможская, Беластоцкая, Алітуская ў Гродне ўжо ёсць, але яны знаходзяцца ў розных частках горада, не ствараючы «еўрапейскі квартал».