
У будынку ў аўстрыйскім горадзе Браўнаў-ам-Ін, у якім нарадзіўся лідэр нацысцкай Германіі Адольф Гітлер, будуць праводзіць для паліцэйскіх семінары па правах чалавека.
Будаўнічыя работы па пераабсталяванні дома павінны пачацца восенню 2023 года. Рамонт працягнецца да 2025-га, паліцыя зойме будынак яшчэ праз год.
Лёс дома, у якім нарадзіўся Гітлер, вырашаўся на працягу некалькіх гадоў. Раней аўстрыйскія ўлады хацелі знесці будынак, каб ён не ператварыўся ў культавы для неанацыстаў помнік. У краіне таксама прапаноўвалі выкарыстоўваць аб’ект у дабрачынных мэтах.
У выніку ў 2016 годзе дом быў канфіскаваны ва ўласнасць дзяржавы ў яго ўладальніцы Герлінды Помер, нягледзячы на яе пратэсты. Пры гэтым Помер прысудзілі кампенсацыю ў памеры больш за 800 тысяч еўра. Праз некалькі гадоў улады абвясцілі аб планах ператварыць дом у паліцэйскі ўчастак.