У Беларусі вырасла колькасць хворых на сухоты

Фота з адкрытых крыніц.

Колькасць выяўленых хворых на сухоты (туберкулёз) у Беларусі ў 2022 годзе была на 12,4 працэнтаў большай, чым у 2021 годзе.

Пра гэта паведаміў дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра пульманалогіі і фтызіятрыі Генадзь Гурэвіч.

“Усяго летась было выяўлена 1384 новыя пацыенты з сухотамі і 279 пацыентаў з рэцыдывам гэтай хваробы, што на 185 чалавек больш, чым у папярэднія гады. Захворванне з улікам рэцыдываў склала 18,1 на 100 тысяч насельніцтва, што на 12,4 працэнта вышэй, чым у 2021 годзе”, – паведаміў Гурэвіч.

Паводле яго слоў, рост адбыўся за кошт хворых, якіх не выявілі “ў папярэднія гады, калі лютавала эпідэмія COVID-19”.

Генадзь Гулевіч паведаміў, што ў 2022 годзе ад туберкулёзу памерлі 97 пацыентаў.

Ніна ЖВІРКО.