
Як паведамляе Нацыянальны банк, за першы квартал 2023 года карпаратыўны сектар атрымаў крэдыты на 203 мільёна юаняў. У некаторых банках аб’ёмы крэдытавання ў кітайскай валюце павялічыліся ў разы.
Пакуль у агульным аб’ёме крэдытавання суб’ектаў гаспадарання доля крэдытаў у юанях невялікая. Па курсе на 1 красавіка 2023 года 203 мільёна юаняў — гэта прыкладна 84 мільёны рублёў ці 30 мільёнаў долараў. Тым не менш цікавасць да такіх крэдытаў расце паралельна з павелічэннем беларуска-кітайскага тавараабароту.
“Мы адзначаем рост попыту на фінансаванне ў кітайскай валюце з другога паўгоддзя мінулага года, у бягучым годзе гэты трэнд захоўваецца. З пачатку 2023 года юаневы крэдытны партфель ВТБ (Беларусь) павялічыўся ў пяць разоў. Такі прырост абумоўлены павелічэннем з боку рэальнага сектара эканомікі аб’ёмаў імпарту сыравіны, камплектуючых і гатовай прадукцыі з Кітая», — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы ЗАТ Банк ВТБ (Беларусь).
У банках адзначаюць, што папулярнасць крэдытаў у юанях звязаная з іх адносна невысокім коштам — прыкладна на ўзроўні фінансавання ў доларах ЗША і еўра. Акрамя таго, пры працы з Кітаем прадпрыемствы такім чынам могуць істотна зэканоміць на валютна-абменных аперацыях і курсавых розніцах.