Выява носіць ілюстрацыйны характар. Фота з адкрытых крыніц

У Беларусі будзе спрошчана працэдура накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Пра гэта заявіў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, які прадставіў у Палаце прадстаўнікоў змены ў “законы па пытаннях прымусовага лячэння і медыка-сацыяльнай рэадаптацыі». Дэпутаты прынялі прапановы ў першым чытанні.

“Заканадаўчае замацаванне прапанаваных ініцыятыў дазволіць максімальна спрасціць працэдуру ізаляцыі грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і, адпаведна, знізіць узровень негатыўных сацыяльных і эканамічных наступстваў п’янства, алкагалізму і наркаманіі”, — прыводзіць яго словы прэс-служба МУС.

Згодна з паведамленнем прэс-службы:

– вызначаюцца дзве катэгорыі грамадзян, якія падлягаюць ізаляцыі ў ЛПП;

– удакладняецца парадак папярэджання грамадзян аб магчымасці накіравання іх у ЛПП;

– спрашчаецца працэдура медыцынскага агляду грамадзян, неабходная для вырашэння пытання аб іх накіраванні ў ЛПП.

Што стаіць за гэтымі фармуліроўкамі?

“У лячэбна-працоўныя прафілакторыі накіроўваюцца грамадзяне, якія на працягу года два і больш разоў прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў у стане алкагольнага ап’янення, якім было вынесена папярэджанне і на працягу года яны зноў былі прыцягнуты да адказнасці за адміністрацыйнае правапарушэнне ў стане алкагольнага ап’янення, – патлумачыла дэпутат Святлана Адзінцова. – З’яўляецца новая катэгорыя – грамадзяне, якія паступалі ў арганізацыі аховы здароўя для аказання медыцынскай дапамогі ў сувязі з атручваннем, выкліканым спажываннем наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, таксічных або іншых адурманьваючых рэчываў. І якія былі папярэджаны аб магчымасці накіравання ў ЛПП, але на працягу года зноў гэта паўтарылі, і ім быў пацверджаны сіндром залежнасці”.

Дарэчы, падчас падрыхтоўкі законапраекта гучалі прапановы накіроўваць у ЛПП без суда і абавязаць тых, хто ўтрымліваецца ў ЛПП, аплачваць сваё “лячэнне”. Што з гэтымі ініцыятывамі?

Якім будзе канчатковы дакумент, стане зразумела пасля прыняцця закона ў другім чытанні. Але дэпутат Адзінцова паведаміла: “Чалавек знаходзіцца ў ЛПП, ізалюецца, атрымлівае лячэнне. І тут самым важным момантам з’яўляецца яшчэ праца. Праца умацоўвае чалавека».

 

ДА ВЕДАМА

У Беларусі функцыянуюць дзевяць ЛПП – шэсць мужчынскіх і тры жаночыя.

Іван ШАЎЛЮК.

Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.