
У Беларусі ў рамках спецыяльнай (завочнай) вытворчасці распачата крымінальная справа ў дачыненні да беларуса, які ваюе ва Украіне, па артыкуле за ўдзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні.
Падставай для крымінальнай справы, мяркуючы па паведамленні МУС, сталі апавяданні байца ў сацыяльных сетках, фатаграфіі і відэа.
«46-гадовы мужчына, які пражываў у Гродзенскай вобласці, прымае ўдзел ва ўзброеным канфлікце з сакавіка мінулага года. Пра гэта сведчаць, у тым ліку, ягоныя апавяданні ў сацыяльных сетках, ілюстраваныя фотаздымкамі і відэа», — заявілі ў МУС. Прозвішча фігуранта не назвалі, але ў сваім тэлеграм-канале прыклалі да паведамлення відэа.
На роліку – вядомы лідскі вясляр Павел Шурмей. Ён выступаў за Беларусь на летніх Алімпіядах 2004 і 2008 гадоў у чацвярным парным веславанні. Яго прозвішча і зараз застаецца на сайце Лідскага райвыканкама ў спісе лепшых выпускнікоў мясцовай школы алімпійскага рэзерву.
Дарэчы, жонка Паўла – Алена Бурак выступае за нацыянальную зборную Украіны па акадэмічнай грэблі. Яна родам з Нікалаева.